ФК БАТЭ да канца года не будзе прызначаць замену Анатолю Капскаму
Такое рашэнне прынятае на просьбу сям’і былога старшыні праўлення клуба, які заўчасна памёр тыдзень таму.
Футбольны клуб БАТЭ да канца года не будзе рабіць ніякіх кадравых прызначэнняў на кіраўнічых пасадах. Гэта вынікае з заявы, апублікаванай на афіцыйным сайце барысаўскай каманды.
Тыдзень таму заўчасна памёр старшыня праўлення ФК БАТЭ Анатоль Капскі. На просьбу яго сям’і клуб вырашыў не шукаць замену ў бліжэйшы час.
“Уся праца адміністрацыі клуба скіраваная на забеспячэнне ўмоваў для вырашэння сезонных задачаў і задачаў па развіцці інфраструктуры ФК БАТЭ, пастаўленых пры жыцці Анатоля Анатолевіча”, — адзначаецца ў паведамленні.
На сёння БАТЭ ўпэўнена лідуе ў чэмпіянаце краіны і рыхтуецца да матчаў Лігі Еўропы.