Вы тут

Фільма пра Аляксандра Мядзведзя не будзе — Мінкульт адмяніў фінансаванне

Аляксандр Мядзведзь​ / yandex.ru

Міністэрства культуры адмяніла дзяржфінансаванне фільма Андрэя Кудзіненкі "Дзесяць жыццяў Мядзведзя". Вынікі тэндара, які баёпік алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя выйграў у мінулым месяцы, адмененыя.

Гэта ўжо чацвёртая з пяці стужак прыватных кінастудый, якія перамаглі на вяснова-летнім дзяржаўным конкурсе кінапраектаў і чыё фінансаванне ў выніку адмянілася. Грошай Мінкульта не атрымаюць фільмы-экранізацыі кніг "Радзіва Прудок" (Студыя "Першая КінаВідэаКампанія"), "Сфагнум"(студыя "Дэмарш-фільм"). А конкурс на серыял пра сацыяльна-эканамічныя дасягненні Беларусі прызнаны такім, які не адбыўся.

У выніку дзяржфінансаванне атрымае адзін праект — міні-серыял "Паўгадзіны да вясны" пра Уладзіміра Мулявіна (Студыя "Першая КінаВідэаКампанія").

Чаму так выйшла?

— Гэта рэакцыя на скаргі ў МАРГ на вынікі тэндара дзяржзакупак. Нават нягледзячы на тое, што частку скаргаў МАРГ прызнаў неабгрунтаванымі, Мінкульт усё роўна вырашыў адмяніць фінансаванне, — тлумачыць Канстанцін Варабей, намеснік дырэктара "Майстэрні сацыяльнага кіно". — Ёсць версія, што проста тэрміны выканання дамовы, якія пазначаны ў дзяржзакупцы, праз разбор, які зацягнуўся, парушаныя.

Канстанцін Варабей — справа / Еўрарадыё

Скаргу ў МАРГ незалежна адзін ад аднаго падалі сцэнарыст і рэжысёр Андрэй Курэйчык і "Тэлевізійны прадзюсарскі цэнтр". На думку Курэйчыка, цана лотаў, якія аб'яўляе Мінкульт, у разы перавышае рэальныя рынкавыя цэны на вытворчасць кіно ў Беларусі і кампаніі, якія выйграюць тэндары, проста "распілоўваюць" бюджэты. Кінасупольнасць падзялілася на два лагеры: адны падтрымліваюць Курэйчыка, другія стаяць на баку пацярпелых рэжысёраў і праектаў, якія абяцалі стаць сапраўды цікавымі.

Варабей упэўнены, што сітуацыя была чаканая, бо "конкурс першапачаткова недасканалы і праводзіцца па працэдуры дзяржзакупак — гэта значыць нароўні з закупкай харчавання або будматэрыялаў". На думку Канстанціна Вараб'я, сістэме дзяржаўнай падтрымкі кінематографа неабходныя рэформы.

— Зразумела, што Мінкульт не зможа змяніць закон аб дзяржзакупках за кароткі тэрмін. Але нейкія касметычныя рэформы маглі б зрабіць да наступнага конкурсу. Гэта і тое, пра што гаварылі Курэйчык і Гільдыя кінавытворцаў. Варта было б змяніць склад камісіі, зрабіць яго больш разнастайным, больш выразна прапісаць крытэры ацэнкі. Трэба ўводзіць больш публічную сістэму ацэнкі праектаў, уключаючы пітчынгі, адмову ад падзелу на лоты, — дадае Варабей.

Кудзіненка: буду ўдзельнічаць у новым конкурсе

Рэжысёр Андрэй Кудзіненка расчараваны рашэннем Мінкульта.

Андрэй Кудзіненка / Еўрарадыё

— Сумна, што я ўжо паўтара месяца працаваў над фільмам. Сітуацыя паставіла ўсіх у вельмі непрыемнае становішча, — так Кудзіненка рэагуе на адмену дзяржфінансавання свайго праекта.

Яго стужка "Дзесяць жыццяў Мядзведзя" перамагла ў тэндары па вытворчасці фільма ў ігравой форме для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі. Плануецца, што стужка раскажа пра біяграфію Аляксандра Мядзведзя — беларускага барца вольнага стылю, трохразовага алімпійскага чэмпіёна, шматразовага чэмпіёна свету, Еўропы і СССР. Мінкульт павінен быў вылучыць на стварэнне карціны 1,8 млн беларускіх рублёў.

— Уся гэта гісторыя са скаргамі — гэта індыкатар таго, што з сябе ўяўляе наша кінасупольнасць. Людзі, якія называлі адно аднаго калегамі, сябрамі, дайшлі да хлусні, абвінавачанняў у крымінальных справах! Гэта быў першы конкурс за апошні час, дзе не ўдзельнічаў "Беларусьфільм". Але калі перамаглі прыватныя студыі — пачаліся канфлікты, скаргі, абвінавачанні. Увогуле, Мінкульт зразумеў, што за гэтымі скаргамі прыйдуць новыя, і вырашылі ануляваць усё. Незразумела толькі, чаму яны не перастрахаваліся і не выдзелілі часавага прамежку на абскарджанні, — дадае Кудзіненка.

— Што плануеце рабіць?

— Будзе новы конкурс. Зноў буду ўдзельнічаць з гэтым жа праектам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.