Фіксаваны падатак для падпрымальнікаў падвысяць усяго на 10 еўра

І тое, толькі па дзвюх пазіцыях – абутку і друкаванай прадукцыі. Як даведалася Еўрарадыё, Мінгарсавет не збіраецца ўраўноўваць падаткаабкладанне ІПэшнікаў з юрыдычнымі асобамі.
Ужо каторы дзень ІПэшнікі ўсхвалявана абмяркоўваюць магчымае падвышэнне
фіксаванага падатку ажно ў два разы. Але як запэўнілі Еўрарадыё ў
Інспекцыі па падатках і зборах Мінску, павелічэнне плануецца толькі на
10 еўра. “У нас і так самыя высокія стаўкі па рэспубліцы”, - кажа
намеснік начальніка Інспекцыі Аляксандр Суботка:

“Так, мы рыхтуем. Мы накіравалі, але толькі па дзвюх пазіцыях – па абутку і друкаваных выданнях”.

Па словах начальніка ўпраўлення па прадпрымальніцтву Мінгарвыканкама
Аляксандра Каліноўскага, стаўку спрабавалі падвысіць яшчэ ў снежні:

“На папярэдняй сесіі, якая прайшла да Новага года, такая спроба была. Я
не візіраваў, калі шчыра, і яны знялі гэта пытанне па павелічэнні
стаўкі адзінага падатку. На сесіі гэта пытанне не разглядалася”.

Што тычыцца гэтага году, пакуль прапановаў аб павышэнні ставак у Мінгарвыканкам не паступала, кажа Аляксандр Каліноўскі:

“Рашэнне прымае сесія гарсавета. Чарговая сесія будзе 12 сакавіка.
Пакуль матэрыялы туды ніхто не рыхтаваў, гэта я вам афіцыйна заяўляю.
Таму ніякай інфармацыі наконт таго, што хтосьці будзе павышаць стаўку,
у мяне няма”.

Былы краўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа
лічыць, што калі стаўкі падвысяць, то гэта будзе накіравана супраць тых
ІПэшнікаў, якія сваіх наёмных працаўнікоў рэгістравалі індывідуаламі:

“Па сутнасці, гэта накіравана супраць тых ІПэшнікаў, якія ўтваралі
ПІПы, тое, што мы называем партнёрствамі індывідуальных
прадпрымальнікаў, г.зн. сваіх наёмных працаўнікоў наймалі
індывідуаламі. Менавіта на гэтыя сістэмы ў першую чаргу і прыйдзецца
ўдар дадатковага падаткаабкладання”.