Фэйс-кантроль у начных клубах адменены?

Калі перад вамі зачынілі дзверы, патрабуйце кнігу скаргаў альбо паклічце Элеанору Язерскую.

З 15 траўня начныя клубы танцуюць па новых законах. Ахоўнікі больш не маюць права забараняць уваход у клуб без тлумачэнняў прычынаў адмовы. Лічыце, фэйс-кантроль адменены! Але ж, як дазналася Еўрарадыё, ахоўнікі і па сённяшні дзень вырашаюць, каго пускаць у клуб, а каму – адмовіць. Як кажуць клубы фэйс-кантроль патрэбен для таго, каб сфармаваць “патрэбную” публіку і пакінуць на танцполе толькі самых-самых.

Дарэчы, як паведамілі Еўрарадыё ў адным са сталічных клубаў, прычынай адмовы можа быць нават настрой госця: “Калі дрэнны настрой, ён можа патэнцыяльна яго сапсаваць навакольным”.

У “Мэдысане” адмову ў наведванні клуба абгрунтоўваюць: “Бываюць выпадкі, калі пачынаюць спрачацца і казаць, што яны ўсё роўна маюць права зайсці, але каб без тлумачэння адмовілі – такога не бывае”.

Але ж гэтак “гуманна” абыходзяцца з мінчукамі не паўсюль. Напрыклад, пакінула за сабой права не тлумачыць прычыны адмовы клуб-казіно “Белая вежа”. Тое ж самае мы пачулі ад супрацоўніка клуба “Іzюм”:

“У нас могуць і не тлумачыць, а проста скажуць, што закрытая вечарына”.

Як стала вядома Еўрапейскаму радыё, магчыма, неўзабаве клубы будуць абавязаны публічна вывешваць свае патрабаванні да знешняга выгляду наведвальнікаў.

Пакуль жа, па словах дырэктара аднаго з папулярных мінскіх клубаў, твары выбракоўваюць, зыходзячы з густу ахоўнікаў.

“У правілах клуба напісана сістэма абмежавання, якая можа перашкодзіць прайсці ў клуб. Але апісаць гэтую сістэму цалкам дастаткова складана. Таму ў некаторых выпадках працуе суб’ектыўны прынцып ацэнкі. Што тычыцца законнасці гэтых правілаў, гэта пытанне вельмі складанае…”

Не вельмі прыемна, калі хлопца “адпраўляюць дахаты”, а перад яго дзяўчынай расчыняюць дзверы. Вечар загублены… Тым больш што ў законе абароны правоў спажыўцоў апісаныя правілы, паводле якіх любы спажывец павінен атрымліваць бесперашкодны доступ да паслугі.

Калі вам ёсць 18, вы цвярозыя, дый сваё адзенне лічыце цалкам прэзентабельным, у вас ёсць рэальная магчымасць адпомсціць клубу. Для гэтага патрабуйце кнігу скаргаў. Вось яе вам даць пэўна абавязаныя.

Дарэчы, у таварыстве абароны правоў спажыўцоў Еўрарадыё прыгадалі, што нейкі клуб быў пакараны за адмову падаць кнігу скаргаў з-за фэйс-кантролю. Нават не ўлічылі, што наведвальнік быў у нецвярозым выглядзе.

А як праходзяць фэйс-кантроль зацятыя тусоўшчыкі? Для Элеаноры Язерскай уваход у любы клуб адкрыты:

“Калі я прыходжу, я люблю, каб мяне сустракаў нехта з дырэкцыі клуба. То бок я іду як VIP-персона. Таму які тут можа быць фэйс-кантроль?”

А вось калі б спадарыню Элеанору не прапусцілі, клубу дакладна б не пашанцавала: “Калі б мяне не пусцілі?! Я думаю, што на наступны дзень гэты клуб проста б зачынілі!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі