Фестываль “Вольнае паветра”, на якім мусіў прагучаць “Народны альбом”, адменены

Фестываль “Вольнае паветра”, на якім мусіў прагучаць “Народны альбом”, адменены

Фестываль “Вольнае паветра”, які мусіў прайсці на хутары “Шаблі” 15 сакавіка, адменены. Пра гэта заявіў арганізатар мерапрыемства Уладзімір Шаблінскі.

“Мая стратэгічная памылка была паставіць два мерапрыемствы побач, ― тлумачыць Уладзімір. ― 8 ліпеня ў нас Сяргей Міхалок, а 15-га, праз тыдзень ― “Вольнае паветра”. Але людзі галасуюць рублём. І атрымліваецца, што ў нас пры аднолькавай рэкламе выдатны продаж квіткоў на Міхалка і ніякі продаж на “Вольнае паветра”. То бок трэба было разносіць гэтыя мерапрыемствы на пачатак лета і на канец лета. Але з іншага боку, у свой час мы адмовіліся ад правядзення “Вольнага паветра” у канцы жніўня, бо тут у Малым Запруддзі канец лета стаў вельмі сырым і халодным”.

Сёлета на фестывалі планаваўся выступ гуртоў Pomidor\OFF, Zabelov Trio ды The Superbullz, а ў якасці хэдлайнера мусіў прагучаць культавы праект “Народны альбом” з удзелам Лявона Вольскага, Касі Камоцкай, Веранікі Кругловай, Змітра Вайцюшкевіча ды іншых. Па словах Уладзіміра Шаблінскага ніякай размовы пра перанос оўпэн-эйра не вядзецца, бо другая палова лета ў Беларусі і так багатая на фестывалі.

“Карацей, “Вольнага паветра” сёлета не будзе, ― рэзюмуе Шаблінскі. ― А “Народны альбом”, можа, мы і правядзем дзе-небудзь у Мінску, натуральна, калі знойдзем нейкую залу, якая нас пусціць. Але гэта недзе ў снежні, так бы мовіць, пад Каляды”.

Квіткі на творчы вечар Сяргея Міхалка з выкананнем песень пад акустыку, вершамі і пытаннямі да музыкі можна набыць у сістэме ticketpro.by ды ў “Тэатральна-канцэртнай касе” Мінска (Калініна, 5).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі