Фестываль AD.NAK! падрыхтаваў рэкламшчыкам узнагароды і "кашу сувораўскую"

15 сакавіка распачаўся прыём конкурсных прац на ўдзел у другім Фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! Падчас урачыстага адкрыцця фэсту арганізатары выказалі ўпэўненасць у тым, што цікавасць да ўдзелу ў ім з боку рэкламшчыкаў будзе вялікая.

У той жа час адзін з заснавальнікаў AD.NAK! Сяргей Скараход заявіў у размове з Еўрарадыё, што колькасць прадстаўленых прац для арганізатараў — не самамэта.

Сяргей Скараход: “У нас задача сёлета не сабраць максімальную колькасць беларускамоўных прац, а выбраць найбольш цікавыя, эфектыўныя і інавацыйныя, якія выкарыстоўваюць самыя сучасныя сродкі, крэатыў і якія дасягаюць сваёй мэты. У нас сёлета памяняліся прыярытэты, і мы хочам стаць бліжэй да прафесійных фестываляў, якія праводзяцца ў іншых краінах”.



Менавіта таму ў конкурсе знайшлося месца для такіх намінацый, як “Беларускаарыентаваная рэклама і камунікацыя” і “Сувораўская каша”. Першая намінацыя ўведзеная для рускамоўных ці часткова рускамоўных прац, але зробленых з улікам беларускай ментальнасці, культуры, гісторыі і традыцый. Другая ж намінацыя жартоўная. Як выказаўся Сяргей Скараход, для тых, хто “нешта робіць, але сам не разумее, што”.

Адрознівацца ад леташняга другі фестываль будзе яшчэ і тым, што разам са звычайнай рэкламай і PR да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца працы, скіраваныя на прасоўванне розных культурніцкіх праектаў: фотапленэры, выставы, кіна-, відэа- і музычныя творы, тэатральныя пастаноўкі. Для іх, кажа каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская, таксама створаны асобныя намінацыі.

Алена Макоўская: “Сёлета фестываль адкрывае дзверы для новай намінацыі. Сёння вельмі важна не толькі стварыць добры, якасны прадукт. Важна, як вы пазіцыянуеце гэты прадукт, як вы камунікуеце са знешнім светам. І таму мы ўводзім новую намінацыю — "Грамадска-значныя праекты ў сферы мастацтва і сферы культуры". Гэта і кінафестывалі, розныя культурныя імпрэзы, і падзеі, гэта тэатральныя пастаноўкі, кнігі, CD і DVD-дыскі. Гэта тое, як стваральнікі прадукту размаўляюць са сваёй публікай і робяць гэты прадукт прывабным”.

У астатнім намінацыі сёлетняга фестывалю не адрозніваюцца ад таго, што было на фестывалі першым. Гэта — тэлевізійная і кінарэклама, друкаваная і знешняя рэклама, дызайн і Art Direction, радыё- ці аўдыёрэклама, рэкламныя, PR-кампаніі, прома-акцыі ды іншыя праекты, СМІ альбо медыя-праекты і гэтак далей. Дарэчы, летась такая намінацыя, як “Інтэрнэт-рэклама” была скасаваная з-за адсутнасці вартых увагі прац. Сёлета, кажа Сяргей Скараход, арганізатары спадзяюцца, што і ў гэтым накірунку рэкламшчыкі здолелі напрацаваць нешта цікавае.



Прымацца да ўдзелу ў конкурсе працы будуць да 6 чэрвеня. А вынікі арганізатары падвядуць 23 чэрвеня.

Дарэчы, на адкрыцці другога фестывалю прысутнічала шмат прадстаўнікоў рэкламнага бізнесу. Паводле Сяргея Скарахода, гэта сведчыць пра тое, што цікавасць да беларускамоўнай рэкламы ў гэтым асяродку пасля леташняй імпрэзы павялічылася.

Сяргей Скараход: “Канчатковы праект, безумоўна, залежыць ад таго, зацвердзіць яго кліент ці не. Але ўнутранай упэўненасці ў тым, што рэкламу на беларускай мове можна рабіць эфектыўнай і цікавай, у іх стала больш”.




Тое, што менавіта такога фестывалю для тых, хто робіць рэкламу па-беларуску, не хапала, кажа і вядомая рэкламшчыца Юля Ляшкевіч.

Юля Ляшкевіч: “Калі мы пра штосьці не кажам, яго нібыта і не існуе. І я ўпэўненая, што дзякуючы таму, што быў фестываль, былі нейкія акцыі хтосьці падумаў: “Чаму б і не?”. Альбо стаў лепш да гэтага ставіцца. Мы не можам казаць, што адразу адбыўся глабальны пераварот у свядомасці, і ўсе пабеглі рабіць рэкламу па-беларуску. Але гэта той “крок за крокам”, які будзе ўплываць на сітуацыю. Паказваючы, што гэта ўжо нейкая з’ява”.

Кіраўнік рэкламнай кампаніі Ян Карпаў прызнаўся Еўрарадыё, што ў яго жадання рабіць рэкламу па-беларуску — вялікае. Але было б нядрэнна, каб арганізатары фестывалю далі яму аргументы, здольныя схіліць да гэтага ж кліентаў.

Ян Карпаў: “Вось першы фестываль прайшоў — і рэклама квасу “Хатні” атрымала першае месца. Што адбылося, як адрэагавалі людзі — гэтай інфармацыі вельмі не хапае. Мне патрэбныя аргументы: як спрацавала беларускамоўная рэклама? Трэба было б кожны выпадак, кожнага, хто пераможа ў намінацыях, дасачыць яго лёс: паказалі рэкламу, да яе так вось паставіліся людзі, так прадаецца тавар, а вось канкурэнты зрабілі па-руску — у іх так. Калі я атрымаю адказ, што пераход на беларускую мову дакладна прывядзе да большай папулярнасці, да змены іміджу, да лепшага стаўлення — я буду ўсіх зубамі, нагамі, рукамі прымушаць усіх (кліентаў — Еўрарадыё) пераходзіць на беларускую мову”.



Магчыма, кажа каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская, гэтыя аргументы яны збяруць да наступнага фестывалю. А тое, што наступны, і не адзін, фестываль беларускамоўнай рэкламы будзе, арганізатары, кажа яна, ўпэўненыя. Бо і цікавасць да такой рэкламы ўсё павялічваецца, і прац з’яўляецца больш, і кампаніі гатовыя да супрацоўніцтва з арганізатарамі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі