Старасць пад кантролем навукоўцаў і нафта, якая забівае — #ІхНоравы

Замежныя навіны

Замежныя навіны / @rubanau_collage

Старасць падкрадаецца незаўважна, але калі і чаму мы пачынаем старэць, доўгі час заставалася загадкай. Амерыканскія навукоўцы вырашылі разабрацца ў гэтым пытанні, прааналізаваўшы дадзеныя больш як ста ўдзельнікаў даследавання. Вынікі выявіліся нечаканымі. 

Пра іх, а таксама пра прычыны пратэстаў экаактывістаў у Германіі — чытайце ў нашым аглядзе сусветных навін "Іх норавы".

 

— Хто там? — Старасць…

Амерыканскія навукоўцы высветлілі, што людзі старэюць у два этапы. У эксперыменце ўзялі ўдзел 108 чалавек ва ўзросце ад 25 да 75 гадоў, якія рэгулярна здавалі ўзоры крыві, кала, а таксама мазкі з ротавай поласці і носа.

Вынікі аналізаў паказалі, што большасць груп малекул і мікробаў заставаліся стабільнымі. Аднак пры паглыбленым вывучэнні было выяўлена, што значныя змены часцей за ўсё адбываліся ў сярэдзіне 40-х і пачатку 60-х гадоў жыцця.

Нафта забівае?

Рух "Апошняе пакаленне" арганізаваў у Германіі акцыі пад лозунгам "Нафта забівае". Пратэсты прайшлі ў Берліне, Кёльне, Штутгарце і Нюрнбергу. Экаактывісты прыляплялі сябе да рулёжных дарожак, праз што праца аэрапортаў была ненадоўга парушаная. 

Радыкальныя абаронцы клімату кажуць, што пратэстуюць супраць выкарыстання нафты. Яны патрабуюць ад уладаў краіны падпісаць пагадненне аб глабальнай адмове ад выкапнёвага паліва да 2030 года.

Восем актывістаў былі затрыманыя паліцыяй і адпушчаныя праз некалькі гадзін.

Міністр унутраных спраў Нэнсі Фэзэр назвала дзеянні абаронцаў клімату "злачыннымі", а таксама "небяспечнымі і дурнымі". Яна нагадала, што ўрад плануе прыняць закон, які прадугледжвае больш жорсткія меры пакарання тых, хто незаконна пранікае на тэрыторыю аэрапорта. 

 

Дашлі мне паштовачку

У паштовай службе Бельгіі заўважылі, што грамадзяне краіны сталі радзей адпраўляць адзін аднаму лісты. Тым не менш зачыняць аддзяленні яшчэ рана. Бельгійцы з задавальненнем дасылаюць сваім сябрам і блізкім паштоўкі.

Паштоўкі — гэта свайго роду рэтрааб'ект. Праўда, што маё пакаленне не так часта купляе паштоўкі, але ўсё ж гэта здараецца. Гэта фізічны аб'ект, які мы захоўваем. Паштоўка — гэта сувенір для чалавека, які яе атрымлівае, — кажа пакупнік у адной з кнігарняў Брусэля.

Для мяне вельмі важна захаваць нейкі момант у памяці і падзяліцца ім з чалавекам, — распавядае яшчэ адна пакупніца. І так, для мяне гэта сапраўды нейкі вектар эмоцый, вяртанне да дзіцячых успамінаў.

Між іншым, шлях паштовак да адрасата шмат у чым залежыць ад камп'ютараў і перадавых тэхналогій. Сартавальныя машыны Brussels X здольныя апрацоўваць 25-30 тысяч адзінак карэспандэнцыі за гадзіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі