Фрэдзі Кругер палохае падлеткаў, а еўрапейцы прыстасоўваюцца да спёкі: #ІхНоравы

Фрэдзі Кругер ужо не так страшны сучасным гледачам

Фрэдзі Кругер ужо не так страшны сучасным гледачам / @rubanau_collage

Ілан Маск узяў кампліментарнае інтэрв'ю ў Дональда Трампа. Трэнд TikTok дапамагае захварэць на рак. Класічны галівудскі жудзік дазволілі глядзець падлеткам. Еўрапейцы актыўна адаптуюцца да спякотнага надвор'я.

Расказваем пра ўсё гэта ў нашай традыцыйнай рубрыцы навін з усяго свету "Іх норавы".

 

Трамп заявіў, што Байдэн вінаваты ва ўварванні Расіі ва Украіну

Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што цяперашні прэзідэнт Джо Байдэн нясе адказнасьць за поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну ў 2022 годзе. Гэтыя словы прагучалі ў інтэрв'ю з мільярдэрам Іланам Маскам, якое прайшло ў сацсетцы X.

Трамп рэзка раскрытыкаваў Байдэна, сцвярджаючы, што Масква ніколі б не наважылася на ўварванне, калі б ён, Трамп, не прайграў выбары. Паводле Трампа, ягоныя "моцныя" адносіны з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным маглі б прадухіліць канфлікт. Трамп расказаў, што асабіста папярэджваў Пуціна пра наступствы.

"Я вельмі добра ладзіў з Пуціным, і ён паважаў мяне, — сказаў Трамп Маску. — Мы гаварылі пра Украіну. Яна была яго любімым дзіцем. Але я сказаў яму: "Не рабі гэтага".

Трамп таксама падкрэсліў гістарычную ваенную моц Расіі, адзначыўшы: "Расія перамагла Германію з намі, і яны перамаглі Напалеона. Ведаеце, яны існуюць даўно".

"Яны — вялікая ваенная сіла, і гэта вельмі несправядліва... Мы ў вельмі дрэнным становішчы. І я не хачу перакладаць усю віну, але магу сказаць, што змог бы гэта прадухіліць", — заявіў Трамп.

Былы прэзідэнт таксама закрануў тэму дапамогі Украіне, прапанаваўшы, каб ЕС супаставіў свае выдаткі і ЗША.

"Я пытаю: чаму вы не ўраўноўваеце? Чаму яны не плацяць столькі, колькі плацім мы? — сказаў Трамп. — Чаму ЗША плацяць непрапарцыйна больш за абарону Еўропы, чым сама Еўропа? Гэта нелагічна. Гэта несправядліва, і гэта неабходна вырашаць".

Ён таксама раскрытыкаваў гандлёвыя правілы ЕС, заявіўшы: "Яны моцна карыстаюцца Злучанымі Штатамі ў гандлі".

"Яны не такія жорсткія, як Кітай, але яны дрэнныя", — дадаў ён.

 

Новы трэнд TikTok можа павялічыць рызыку раку скуры

Эксперты ў галіне аховы здароўя папярэджваюць пра новы небяспечны трэнд, які набірае папулярнасць у сацыяльных сетках.

На платформе TikTok усё часцей з'яўляюцца відэа, у якіх сцвярджаецца, што сонечны апёк можа быць карысны для здароўя ці нават дапаможа пазбавіцца ад акнэ.

Аднак дактары са Шпіталя Каралевы Вікторыі ў Вялікабрытаніі, як піша Euronews, рашуча асудзілі гэтую вірусную тэндэнцыю, патлумачыўшы, што яна можа значна павялічыць рызыку развіцця раку скуры.

"Ёсць пэўныя перавагі ад знаходжання на сонца, але сонцаахоўны крэм усё ж неабходна выкарыстоўваць, каб знізіць рызыку развіцця раку скуры", — гаворыцца ў заяве шпіталя.

@goofysid

the sun is pretty good at what it does

♬ original sound - Max

Чым больш выпадкаў сонечных апёкаў у вас цягам жыцця, тым вышэйгая рызыка развіцця раку скуры, а таксама заўчаснага старэння скуры, дадалі медыкі. Уплыў гэтага трэнду можа аказацца доўгатэрміновым.

Шпіталь штогод лечыць каля 700 пацыентаў з сонечнымі апёкамі, і гэтая лічба расце з году ў год. Медыкі занепакоеныя тым, што наступствы трэнду могуць праявіцца праз гады, і карыстальнікі TikTok могуць сутыкнуцца з ракам скуры ў будучыні.

Сэм Оркар, клінічны дырэктар пластычнай і апёкавай службы Шпіталя Каралевы Вікторыі, адзначае, што меланома — пятая па распаўсюджанасці форма раку ў Вялікабрытаніі, і колькасць выпадкаў працягвае расці.

"Існуюць бяспечнейшыя спосабы лячэння акнэ, чым падвяргаць сябе рызыцы неабароненага ўздзеяння сонечных прамянёў", — падкрэсліў Оркар.

 

Брытанцы знізілі ўзроставы рэйтынг фільма "Кашмар на вуліцы Вязаў"

Брытанская Рада па класіфікацыі фільмаў (BBFC) выступіла ў абарону свайго рашэння знізіць узроставы рэйтынг культавага фільма жахаў "Кашмар на вуліцы Вязаў" з 18 да 15 гадоў, паведамляе The Guardian.

Рашэнне было прынятае на аснове дадзеных даследавання, якое паказала "важкую падтрымку па пераглядзе ўзроставых абмежаванняў для старых фільмаў у адпаведнасці з сучаснымі стандартамі".

Фільм 1980-х гадоў, дзе галоўны антаганіст Фрэдзі Кругер пераследуе і забівае падлеткаў у сне, першапачаткова атрымаў рэйтынг 18+ падчас першага выпуску ў Вялікабрытаніі ў 1985 годзе.

Гэты рэйтынг быў пацверджаны падчас наступных рэлізаў у кінатэатрах у 2013 годзе і ў серыі дамашніх рэлізаў. Аднак пасля новага запыту ад студыі Warner Bros. рэйтынг фільма быў зніжаны да 15 гадоў з 1 жніўня 2024 года, напярэдадні яго перавыдання на дамашніх носьбітах гэтай восенню.

У выпадку з "Кашмарам на вуліцы Вязаў" прадстаўнік BBFC адзначыў, што хоць у фільме ёсць крывавыя моманты, яны адносна стрыманыя з пункту гледжання паказу жорсткіх і траўматычных дэталяў.

"Забойствы ў фільме часта пакідаюць прастору для ўяўлення і адбываюцца ў асноўным у фантастычным кантэксце. У параўнанні з больш сучаснымі прыкладамі гвалту і жахаў, якія атрымалі рэйтынг 18+, такімі як "Хэлаўін", "Дзень падзякі" або "Піла X", фільм цяпер можна класіфікаваць як "прыдатны для аўдыторыі 15 гадоў".

 

Еўрапейцы адаптуюцца да экстрэмальнай летняй спёкі

Даследаванні паказалі, што ад моцнай спёкі ў Еўропе летам мінулага года загінула больш за 47 000 чалавек. 2023 год стаў самым гарачым у гісторыі назіранняў і другім самым гарачым у Еўропе. Аднак, нягледзячы на велізарны маштаб катастрофы, смяротнасць ад спякоты аказалася ніжэйшай, чым у 2022 годзе, калі колькасць ахвяр перавысіла 61 000 чалавек, паведамляе Euronews.

Паводле звестак Інстытута глабальнага здароўя Барселоны (ISGlobal), прынятыя меры па адаптацыі дапамаглі прадухіліць павелічэнне колькасці смерцяў ад спёкі на 80%.

Італія аказалася краінай з самай вялікай колькасцю смерцяў, звязаных са спякотай, — 12 743 выпадкі, з якіх 8388 склалі жанчыны. На другім месцы — Іспанія з 8352 смерцямі, а на трэцім — Германія з 6376.

У Грэцыі зарэгістраваная самая высокая колькасць смерцяў на мільён чалавек — 393 выпадкі. Следам ідуць Балгарыя (229) і Італія (209).

У цэлым вынікі даследавання паказваюць, што краінам Паўднёвай Еўропы найбольш пагражае рызыка смяротнасці ад спёкі. Асабліва ўразлівымі аказаліся пажылыя людзі, старэйшыя за 80 гадоў: іх смяротнасць ад спёкі была на 768% вышэйшай у параўнанні з людзьмі ад 65 да 79 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі