Фермеры Шаркаўшчыны зрабілі могільнік хатняй жывёлы пад адкрытым небам

На Шаркаўшчыне фермеры, парушаючы закон, выкідаюць каля населеных пунктаў парэшткі буйной рагатай жывёлы. Ад могільніка пад адкрытым небам церпяць жыхары вёсак Васілёва і Лужкі.

Як распавёў Еўрарадыё Мікалай Андзілёўка, які жыве непадалёк ад гэтага змрочнага месца, парэшткі жывёлы выкідваюць сюды прадпрымальнікі, якія рэжуць кароў. Раней на месцы самавольных адкідаў была ферма, цяпер частка будынкаў ужо знесеная, частка руінаў фермы яшчэ стаіць і ператвараецца ў могілкі хатняй жывёлы.

“У агульнай колькасці гэтых адкідаў тут было каля дзесяці тон!” — гаворыць Мікалай Андзілёўка.

Спадар Мікалай звярнуўся ў інспекцыю па ахове прыроды і навакольнага асяроддзя. Кіраўнік Шаркаўшчынскай інспекцыі Іван Міхалёнак паабяцаў разабрацца і навесці парадак. І сапраўды тэхніку адправілі, але…

“Праз два дні з гэтай пляцоўкі ўсе парэшткі перавезлі непадалёк у траншэю і трохі прысыпалі бульдозерам, але ўсё і па сённяшні дзень засталося адкрытым”, — кажа мясцовы жыхар.

Сапраўды, падысці да гэтага месца вельмі цяжка, смурод рэжа нос. Відаць, механізатары, якія хавалі парэшткі, спяшаліся хутчэй адтуль з’ехаць. Над кучай кружацца чароды крумкачоў. Калі вецер дзьме ў бок суседняй вёскі, яе жыхары таксама задыхаюцца ад смуроду.

Такія дзве кучы адкідаў ляжалі яшчэ ў адным месцы, якое знаходзілася непадалёк. Два дні таму і там вырашылі навесці парадак.

Свежыя парэшткі запіхнулі з роўнага месца ў маленькае балотца і засыпалі, атрымалася нешта кшталту бурта, — распавядае Мікалай Андзілёўка. — Там, каля аўчарніка, была яшчэ старая куча, якая відаць ляжала цэлую зіму. Яе спіхнулі ў канаву, і атрымалася плаціна”.

Сапраўды, адкідамі перагарадзілі крынічку. У ёй валяюцца некалькі напаўсатлелых галоў, капыты, кавалкі поўсці. Наогул, карціна навокал даволі змрочная, уся пляцоўка літаральна ўсеяная капытамі жывёлы.

Парэшткі жывёлаў прысыпаныя зямлёй

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі