Вы тут

Федэрацыя футбола аштрафавала брэсцкае "Дынама" больш як на 20 тысяч рублёў

Матч "Дынама-Брэст" — "Шахцёр" / БЕЛТА

Беларуская федэрацыя футбола 5 лістапада прызначыла шэраг пакаранняў па выніках скандальнага матча паміж брэсцкім "Дынама" і салігорскім "Шахцёрам".

Матч прайшоў 3 лістапада і завяршыўся ўнічыю — 1:1. У дынамаўцаў быў шанец перамагчы. Але на 80-й хвіліне сустрэчы прастрэл Міхаіла Гардзейчука ў штрафной пляцоўцы спыніла рука "гарняка" Ігара Бурко, пасля чаго суддзя не прызначыў пенальці. А потым суддзі не залічылі гол, забіты Аляксандрам Паўлаўцом

Абодва інцыдэнты сталі для дынамаўцаў нагодамі абражаць галоўнага суддзю матча Віктара Шымусіка. Пасля гульні заўзятары клуба кідалі ў бок суддзі розныя прадметы.

Федэрацыя футбола агулам аштрафавала брэсцкае "Дынама" на 700 базавых велічынь (20 400 рублёў). Аштрафаваныя і два гульцы каманды — Арцём Мілеўскі (25 базавых, або 637,5 рубля) і Сяргей Кісляк (50 базавых, або 1275 рублёў). Акрамя таго Кісляка, які пасля гульні ламіўся ў судзейскі пакой, дыскваліфікавалі на пяць матчаў.

Галоўны трэнер брэсцкага клуба Марцэл Лічка атрымаў папярэджанне.

Салігорскі "Шахцёр" аштрафаваны на 765 рублёў (30 базавых) за нявартыя паводзіны каманды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.