Фармацэўты прыдумалі эмацыйную падтрымку беларусак, хворых на рак грудзей

Фармацэўты прыдумалі эмацыйную падтрымку беларусак, хворых на рак грудзей

Паводле статыстыкі, кожны дзень 12 беларусак даведваюцца, што ў іх рак малочнай залозы. Прычым, у кожнай трэцяй з іх — чацвёртая стадыя хваробы. Большасць жанчын саромеюцца дыягназу, хаваюць ад блізкіх і самі маюць патрэбу ў інфармацыі. І вось фармацэўты прыдумалі бясплатную праграму EmotionSpace для мабільных прылад, якая не вылечыць рак грудзей, але эмацыйна падтрымае кожную хворую жанчыну. Гэта свайго роду дзённік, у якім можна дзяліцца сваімі перажываннямі і надзеямі з доктарам, сваякамі ці такімі ж хворымі. Таксама тут можна знайсці інфармацыю пра бясплатныя мерапрыемствы і арганізацыі, якія падтрымліваюць хворых на рак беларусак.


Рак малочнай залозы штогод выяўляецца больш чым у чатырох тысяч беларусак. Гэта асноўнае анказахворванне, ад якога паміраюць жанчыны ў нашай краіне.


Па словах загадчыцы лабараторыі рэканструкцыйна-узнаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ імя Н. Аляксандрава Яўгеніі Шапавал, доктар можа сама накіраваць жанчыну да спецыяліста:


"Калі доктар бачыць, што жанчына, нягледзячы на адмову, мае патрэбу ў псіхолагу, кансультацыю прызначаюць. Псіхолаг тэстуе жанчыну, і па выніках бачыць, ёсць стан дэпрэсіі ці не, патрэбная ў дадзеным выпадку дадатковая прафесійная дапамога ці не".


Паказчыкі смяротнасці ад раку малочнай залозы ў Беларусі блізкія да паказчыкаў у ЗША, дзе яшчэ ў 1960-х гадах пачаліся вялікія даследаванні хваробы: 14,2 і 14,9 чалавек адпаведна на сто тысяч у год. Пры гэтым захворванне ў Беларусі на 100 тысяч жаночага насельніцтва складае 45 чалавек, у ЗША — 90, што сведчыць аб эфектыўнасці скрынінгавых праграм па выяўленні захворвання на ранніх стадыях.


У Мінску пілотны праект па выяўленні раку грудзей быў запушчаны пяць гадоў таму. Цяпер такія ж праекты запускаюцца па ўсёй Беларусі. У апошні час беларускі, мяркуе Яўгенія Шапавал, сталі больш свядома ставіцца да ўласнага здароўя.


"Звычайна жанчыны з глубінкі не ідуць да доктара, магчыма, таму, што ў іх няма анкалагічнай насцярожанасці. Чалавек звяртаецца да доктара толькі тады, калі з'явілася скарга на здароўе, яны рэдка знаходзяць на сябе час, зрэшты, як і гарадскія. Аднак свядомасць жанчын мяняецца. Людзі сталі больш чытаць, сталі больш граматнымі і інфармаванымі. Магчыма, інфармаванасць дазваляе людзям звяртаць увагу на сваё здароўе".


Метастатычны рак малочнай залозы з'яўляецца невылечным захворваннем, але пры эфектыўным лячэнні жанчына можа пражыць з пухлінай 10-15 гадоў. На сёння існуе больш за 600 варыянтаў лячэння раку малочнай залозы. 


Дарэчы, Беларусь — чацвёртая краіна ў свеце і першая ва Усходняй Еўропе, куды прыйшла праграма EmotionSpace. За месяц існавання ў нашай краіне яна мае 325 карыстальніц.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі