Еўропа вырашыла памяняць Мілінкевіча на Някляева?

А сам лідэр кампаніі "Гавары праўду!" разлічвае на падтрымку як Брусэля, так і Масквы.
  У часе прэзідэнцкіх выбараў Еўропа падтрымае кандыдатуру Ўладзіміра Някляева. Да такой высновы прыйшоў лідэр кампаніі “Гавары праўду!” падчас сустрэчы 9 верасня на Эканамічным форуме ў Польшчы з Прэзідэнтам Еўрапарламента Ежы Бузэкам.

Уладзімір Някляеў: “Еўропе, шчыра сказаць, патрэбны не нейкі канкрэтны кандыдат. Ёй патрэбная перамога дэмакратычных сіл на гэтых выбарах. І яны будуць падтрымліваць таго, хто, на іх погляд, гэтую перамогу здольны забяспечыць. Як я зразумеў, ува мне яны такога чалавека ўбачылі і гатовыя такую падтрымку аказаць”.

У той жа час Някляеў сцвярджае, што падтрымка з боку Расіі ў яго будзе.

Уладзімір Някляеў: “Ніводны палітык, які рэальна сёння нешта хоча зрабіць, не можа аспрэчваць таго, што зрабіць гэтага ён не здольны без супрацоўніцтва з Расіяй. І няма да мяне такіх пытанняў: “Чаму ты з намі размаўляеш, разлічваючы на нашу падтрымку?”, я маю на ўвазе Еўропу, і ў Расіі тое ж самае – такіх некарэктных пытанняў не задаюць. Бо яны разумеюць, што Беларусі, для таго, каб там перамагла дэмакратыя, трэба заручыцца падтрымкай з усіх бакоў”.

Па словах Някляева, беларускае грамадства больш за ўсё баіцца, што пры змене рэжыму ўзровень жыцця пагоршыцца. Невядома, што яму абяцаюць на гэты конт у Расіі, але Еўропа, кажа лідэр “Гавары праўду!”, паабяцала дапамогу ў гэты перыяд. Прынамсі, Ежы Бузэк гарантаваў такую дапамогу з боку Еўразвяза. А яшчэ паабяцаў судзеянне ў арганізацыі міжнароднага назірання падчас выбараў у Беларусі.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі