Вы тут

Еўропа ці "савок": другі тур выбараў прэзідэнта праходзіць у Малдове

Дадон — з Лукашэнкам, Санду — з Меркель

Другі тур выбараў прэзідэнта Малдовы праходзіць 15 лістапада. Як і на папярэдніх выбарах у 2016 годзе, у фінальнай шчэпцы за галоўны пост у краіне сышліся два дыяметральна супрацьлеглыя кандыдаты.

Так, больш за ўсіх галасоў у першым туры набрала дэмакратка Мая Санду. Яе асноўная мэта — еўрапейскае развіццё Малдовы.

Разам з ёй у другім туры ўдзельнічае дзеючы прэзідэнт Ігар Дадон. Ён сацыяліст, а таксама вялікі сябар Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Дарэчы, у 2017-м Лукашэнка параіў Дадону ўзмацніць свае паўнамоцтвы праз рэферэндум (падзяліўся вопытам, так бы мовіць), але ініцыятыву потым "зарубіў" Канстытуцыйны суд Малдовы.

Яўка ў другім туры выбараў вышэйшая, чым у першым. Як паведамляе ZdG, чэргі выстраіліся на шматлікіх замежных участках. Былі чэргі і перад адкрыццём участкаў у Кішынёве.

Ужо ёсць дадзеныя аб парушэннях. Так, вядома аб спробе аплочваць жыхарам Прыднястроўя галасаванне за "правільнага" кандыдата — самі разумееце, каго.

Ніхто з іншых супернікаў Дадона не падтрымаў яго ў другім туры, таму перамога Санду больш імаверная. Дзеючы прэзідэнт ужо прыгразіў вывесці людзей на вуліцы ў сваю падтрымку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.