Еўрасаюз прыняў заяву аб сітуацыі ў Беларусі

Еўрасаюз спадзяецца, што справа ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча вырашыцца ў найбліжэйшы час. Пра гэта гаворыцца ў заяве ЕС аб сітуацыі ў Беларусі, якая зроблена 16 ліпеня ў Вене на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ. ЕС выказаў заклапочанасць станам здароўя Аўтуховіча, заклікаў "не пазбаўляць яго візітаў сваякоў" і звярнуў увагу на "гуманітарны аспект справы". Каментуючы прысуд маладзёжнаму актывісту Арцёму Дубскаму (год калоніі агульнага рэжыму за ўхіленне ад адбывання пакарання за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў у студзені 2008 года), ЕС адзначыў яго неадпаведную жорсткасць. Як адзначаецца ў заяве, беларускае крымінальнае заканадаўства неабходна прывесці ў адпаведнасць з еўрапейскімі нормамі.

ЕС таксама заклікаў Мінск увесці мараторый на выкарыстанне найвышэйшай меры пакарання і як мага хутчэй даслаць праект запланаваных змен у Выбарчы кодэкс.

У заяве выказваецца надзея на тое, што неўзабаве пройдуць сумесныя з АБСЕ круглыя сталы па выбарчым заканадаўстве, а таксама свабодзе сходаў і асацыяцый. Акрамя таго, Беларусь выканае ўзятыя на сябе абавязацельствы па забеспячэнні свабоды СМІ, прадаставіўшы незалежным выданням доступ да дзяржаўных сістэм распаўсюджвання.

Брусель адзначае неабгрунтаванасць адмовы ў рэгістрацыі партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", праваабарончаму цэнтру "Наша вясна", Партыі свабоды і прагрэсу і Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных аб'яднанняў.

"Еўрасаюз надае вялікае значэнне далейшаму развіццю адносін з Беларуссю", — падкрэсліваецца ў заяве. Пры гэтым ЕС чакае ад Беларусі рэфармавання выбарчага заканадаўства, а таксама канкрэтных захадаў для павагі дэмакратычных каштоўнасцяў, вяршэнства закона, фундаментальных правоў і свабод, у прыватнасці свабоды выказвання і свабоды СМІ, свабоды сходу і палітычнай асацыяцыі.

Гэтыя захады дазволяць ЕС і Беларусі нарасціць узаемадзеянне, напрыклад, у рамках праграмы "Усходняе партнёрства", чыёй непадзельнай часткай з'яўляюцца пытанні правоў чалавека, гаворыцца ў заяве.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі