Еўрасаюз працягнуў санкцыі супраць Расіі на паўгода

Еўрасаюз працягнуў санкцыі супраць Расіі на паўгода

Лідары краін Еўрасаюза працягнуць эканамічныя санкцыі супраць Расіі да сярэдзіны 2018 года. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі са спасылкай на старшыню Еўрапейскага савета Дональда Туска. Абмежавальныя меры закранаюць энергетычны, абаронны і фінансавы сектары.

Гаворка ідзе пра санкцыі, уведзеныя з 31 ліпеня 2014 года, калі Расія анэксавала Крым і пачала ўзброены канфлікт на ўсходзе Украіны.

У чацвер прэзідэнт Францыі Эмманюэль Макрон і канцлер ФРГ Ангела Меркель заявілі, што дагэтуль не выконваюцца Мінскія пагаднення, што з'яўляецца ўмовай зняцця санкцый. Таму абмежаванні ў дачыненні да Расіі будуць дзейнічаць яшчэ паўгода.

Апошні раз санкцыі былі падоўжаныя ў чэрвені 2017 года — тады іх таксама працягнулі на паўгода. 

У "чорны спіс" Еўрасаюза ўваходзяць найбуйнейшыя расійскія кампаніі з дзяржаўным удзелам. Ім абмежаваны доступ на еўрапейскі фінансавы рынак. У прыватнасці, пад санкцыі трапілі нафтагазавыя кампаніі "Раснафта", "Газпрам нафта" і "Транснафта", банкі з дзяржудзелам — Сбербанк, ВТБ, "Газпрамбанк", "Знешэканамбанк", — а таксама крымскія кампаніі.

У Расію забаронена пастаўляць высокатэхналагічнае абсталяванне для здабычы нафты ў Арктыцы, на глыбакаводным шэльфе і сланцавай нафты.

Акрамя эканамічных санкцый Еўрасаюз увёў персанальныя санкцыі супраць чыноўнікаў у Крыме і асобныя санкцыі супраць паўвострава. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі