Еўрасаюз павялічыць аб'ём фінансавання беларускай эканомікі

Еўрапейскі саюз рыхтуе пакет макрафінансавай дапамогі для Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Сусветнага банка пра ход рэалізацыі стратэгіі супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь. Канкрэтныя сумы не называюцца. Як паведамляе БелаПАН, у справаздачы адзначаецца, што Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ў 2009 годзе павялічыў аб'ём інвестыцыйнага фінансавання на 50 млн долараў і цяпер распрацоўвае стратэгію на 2010—2012 гады, якая прадугледжвае пашырэнне будучай праграмы. Акрамя таго, разглядаецца магчымасць крэдытавання з боку Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. "Урад Беларусі заявіў пра гатовасць працягваць працэс рэформаў дзеля паглыблення сувязяў з еўрапейскімі структурамі і міжнароднай супольнасцю", — гаворыцца ў справаздачы.

У ліпені кіраўнік Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч заявіў, што яго ведамства вядзе працу па прыцягненні сродкаў "ва ўсіх кірунках" з вядучымі сусветнымі банкамі і шэрагам краін "на поўдні, поўначы, захадзе і ўсходзе". І гэта праблема будзе вырашана, сказаў ён. "Мы сёння не залежым ні ад аднаго кірунку. Калі на адным кірунку будзе зрыў, мы папоўнім неабходнасць у рэсурсах на іншым кірунку", — адзначыў тады Пракаповіч.

1 снежня рада выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка зацвердзіла для Беларусі першую пазыку на мэты развіцця ў памеры 200 млн долараў. Сродкі на падтрымку эканамічнай праграмы ўрада павінны паступіць у бліжэйшы тыдзень.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі