Вы тут

Еўрапейскі вяшчальны саюз заступіўся за асуджаных журналістак "Белсата"

Асуджаныя журналісткі Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева / Reuters

За асуджаных журналістак тэлеканала "Белсат" Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) і Дар'ю Чульцову заступіўся Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU). У сваёй заяве арганізацыя заклікала беларускія ўлады вызваліць журналістак і  дазволіць беларускім СМІ працаваць без страху пераследу.

"Мы вельмі занепакоеныя тым, што журналістаў саджаюць за краты за тое, што яны проста робяць сваю працу — даюць людзям доступ да незалежных навінаў ды інфармацыі", — заявіў гендырэктар EBU Ноэл Каран.

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 18 лютага прысудзіў абедзвюм журналісткам па 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Іх прызналі вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Насамрэч дзяўчаты проста вялі стрым з "Плошчы Перамен", дзе адбывалася акцыя памяці забітага Рамана Бандарэнкі.

Дарэчы, учора дэпутаты Еўрапарламенту пачалі збор подпісаў да EBU з заклікам адхіліць Беларусь ад Еўрабачання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.