Еўрапарламент заклікае адмяніць старшынства Венгрыі ў Еўрасаюзе

Віктар Орбан /  Getty Images/AFP/C. Stache
Віктар Орбан /  Getty Images/AFP/C. Stache

Дэпутаты Еўрапарламента прагаласавалі за тое, каб адмяніць старшынства Венгрыі ў ЕС. Яны сумняюцца, што краіна зможа годна справіцца з гэтай задачай, перадае euronews.com.

Венгрыя павінна ўзначаліць Еўрасаюз праз год. Старшынства да яе пяройдзе тэрмінам на паўгода.

Еўрадэпутаты заяўляюць, што ўрад прэм'ер-міністра Віктара Орбана дапусціў у краіне заняпад дэмакратыі і вяршэнства права. Таксама яны прыпамінаюць Орбану блізкія сувязі з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным і неаднаразовыя спробы сарваць правядзенне агульнага курсу ЕС.

Венгерскі ўрад пратэстуе супраць крытыкі з боку еўрадэпутатаў. Міністр юстыцыі Юдзіт Варга заяўляе, што краіна будзе выконваць намечаныя планы старшынства ў ЕС.

"Еўрапейскі парламент не паважае ні еўрапейскія каштоўнасці, ні дэмакратыю. Па-першае, ён увесь час крытыкуе свабодныя выбары ў Венгрыі, не прымае іх вынік і адхіляе тых, каго венгры ў імя дэмакратыі выбралі ва ўрад. Па-другое, еўрадэпутаты не паважаюць вяршэнства права, таму што ў гэтым Еўрапарламент не адыгрывае ніякай ролі", — кажа Варга.

Рэзалюцыя Еўрапарламента мае рэкамендацыйны характар. Ці прысдухаецца да яе Савет ЕС — невядома: дагэтуль ён адмаўляўся абмяркоўваць пытанне аб старшынстве Венгрыі. Паводле ратацыі пасля Швецыі наступнымі кіраўнікамі ЕС будуць Іспанія і Бельгія, толькі потым прыйдзе чарга Венгрыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі