Еўрамайдан аднавіўся на іншай кіеўскай плошчы (фота, відэатрансляцыя)

Людзі збіраюцца застацца тут на ноч і працягваць пратэсты. Іх забяспечваюць усім неабходным — ад ежы да магчымасці хуткай дастаўкі ў лякарню, перадае УНІАН. Актывісты ўкраінскай апазіцыі добра падрыхтаваліся да акцыі пратэсту. Ля ўваходу ў Міхайлаўскі сабор зрабілі мабілізацыйны цэнтр: тут перапісваюць тых, хто мае аўтамабілі і магчымасць некуды адвезці людзей, калі будзе такая неабходнасць. Таксама тут створаны інфармацыйны цэнтр для журналістаў. Тут жа вядзецца рэгістрацыя заяваў збітых актывістаў — запісваюць пацярпелых у часе мітынгу.

На плошчы дзяжураць лекары, якія могуць аказаць дапамогу людзям, калі тыя не хочуць звяртацца ў дзяржаўныя лякарні. Таксама сярод актывістаў знаходзяцца адвакаты, якія прапаноўваюць пацярпелым свае паслугі.

Ідзе збор грошай для мітынгоўцаў, складаецца спіс кватэраў, дзе людзі могуць пераначаваць. На самой тэрыторыі Міхайлаўскага сабору раздаюць ежу, гарбату і каву ў неабмежаванай колькасці. На плошчу прывезлі шмат цёплых рэчаў, вязанкі дроваў і абагравальнікі. Таксама падрыхтаваны кардон, каб падкласці яго пад ногі тым, хто ўсю ноч будзе стаяць на халодным асфальце.

Нагадаем, што 30 лістапада а 4.00 байцы спецпадраздзялення “Беркут” разагналі акцыю прыхільнікаў еўраінтэграцыі, якая праходзіла на Майдане Незалежнасці ў Кіеве. Для разгону акцыі прыбыло каля тысячы спецназаўцаў. Людзей білі дубінкамі, ужывалі газ. Было чуваць выбухі. Затрымана каля 30 чалавек. На іх заведзеныя адміністратыўныя справы, якія будуць разглядацца ў судзе ў панядзелак.    

Як паведаміў zn.ua народны дэпутат Андрэй Шаўчэнка (“Бацькіўшчына”), “Беркут” пры разгоне Еўрамайдану ў Кіеве дзейнічаў беспрэцэдэнтна жорстка. Паводле яго ацэнак, дзясяткі, а можа нават сотні людзей былі жорстка збітыя. Пад стэлай на Майдане стаялі студэнты, “Беркут” іх абступіў і пачаў збіваць. Людзі пабеглі ў падземны пераход, іх там даганялі, цягнулі па зямлі.

Тым часам прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч выказаў абурэнне падзеямі на Майдане Незалежнасці і паабяцаў пакараць тых, хто справакаваў канфлікт на плошчы. “Я патрабую ад Генеральнай пракуратуры Украіны тэрмінова падаць мне і ўкраінскаму грамадству вынікі неадкладнага і аб’ектыўнага расследавання для належнага пакарання вінаватых”, — цытуе зварот Януковіча да ўкраінскага народу УНІАН.

На байцоў спецназу, якія разганялі акцыю на Майдане Незалежнасці, ужо завялі крымінальную справу па факце перавышэння паўнамоцтваў. Начальнік Галоўнага ўпраўлення МУС Украіны ў Кіеве Валерый Карак заяўляе, што сам аддаў загад байцам “Беркута” адцясніць мітынгоўцаў з Майдану Незалежнасці. Ён удакладніў, што рашэнне было ўзгодненае з кіраўніцтвам, улічваючы колькасць разлікаў (міліцыі) на прысутных людзей. Карак таксама адзначыў, што ў забеспячэнні доступу камунальных службаў да падрыхтоўкі Майдану Незалежнасці да навагодніх святаў было задзейнічана 300 байцоў “Беркута”.

Як заявіў начальнік кіеўскай міліцыі, прыблізна апоўначы адзін з каардынатараў Еўрамайдану паведаміў пра спыненне акцыі, у сувязі з чым работнікі камунальных службаў прынялі рашэнне працягнуць усталяванне ялінкі ды іншых навагодніх атрыбутаў і звярнуліся да праваахоўнікаў з просьбай забяспечыць доступ да цэнтральнай сталічнай плошчы. Аднак у адказ у міліцыянтаў паляцелі камяні, палкі, “слоікі з зялёным гарошкам”.

Адказваючы на пытанне журналістаў, ці гатовы ён добраахвотна сысці ў адстаўку, начальнік кіеўскай міліцыі заявіў, што такое рашэнне будуць прымаць пракуратура і МУС пасля праверкі.


Live streaming video by Ustream

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі