Еўракамісар Хан: перамовы па пагадненні аб рэадмісіі больш-менш завершаныя

Еўракамісар Хан: перамовы па пагадненні аб рэадмісіі больш-менш завершаныя

Перамовы Беларусі і Еўрасаюза па пагадненні аб рэадмісіі "больш-менш" завершаныя. Пра гэта пасля першага дня саміту Усходняга партнёрства ў Бруселі заявіў журналістам еўракамісар Ёханэс Хан.

"Я думаю, што ў канчатковым выніку мы больш-менш завяршылі перамовы па пагадненні па рэадмісіі. І я думаю, нам трэба падумаць пра дату падпісання гэтага пагаднення і знайсці месца для таго, каб гэта зрабіць", — прыводзіць ягоныя словы партал TUT.by.

Еўракамісар дадаў, што дыскусія аб падпісанні прыярытэтаў партнёрства паміж Беларуссю і ЕС яшчэ працягваецца. Па яго словах, Літву турбуе пытанне Беларускай АЭС, бо гэта "пытанне бяспекі". 

"Цяпер мы абмяркоўваем гэта з краінамі-партнёрамі, як вырашыць гэтую праблему, якая паўстала паміж Літвой і Беларуссю. Але мы таксама разумеем, што прыярытэты партнёрства — гэта тое, што цікавіць усіх, і я спадзяюся, што агульнае рашэнне будзе знойдзена", — падкрэсліў Хан.

Пагадненні па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі афіцыйныя Мінск і Брусель абмрякоўваюць ужо амаль пяць гадоў. Абодва дакументы мусяць быць падпісаныя разам, у адным пакеце. Пасля таго, як падпішуць пагадненне аб візавых працэдурах, шэнгенскія візы для беларусаў будуць каштаваць 35 еўра пры афармленні ў амбасадзе, вырасце колькасць бясплатных і доўгатэрміновых візаў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі