Эстонскі дэпутат: Не думаю, што адносіны Мінска і Таліна пасля выбараў зменяцца

Эстонскі дэпутат: Не думаю, што адносіны Мінска і Таліна пасля выбараў зменяцца

Прааналізаваць вынікі прэзідэнцкай кампаніі і яе наступствы для Беларусі і беларусаў сабраліся эксперты з Беларусі, Расіі, Украіны і краін Еўрасаюза на адмысловай канферэнцыі “Рубікон 2015” ў Таліне. З дастаткова смелай назвай мерапрыемства “Беларусь, як фактар рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці”.

Праходзіць канферэнцыя ў будынку парламента Эстоніі. І лагічна, што адкрывае яе дэпутат парламента Эстоніі Марко Міхельсон. Пажартаваўшы на тэму “яшчэ трэба разабрацца, выбары праходзілі ў Беларусі ці нешта іншае, што толькі назвалі выбарамі”, палітык пераходзіць да больш сур’ёзных разваг.

“Самае галоўнае на сёння пытанне: дзе будзе знаходзіцца Беларусь не толькі праз адзін-два гады, а пра пяць-дзесяць ці нават пятнаццаць-дваццаць гадоў?. Другое пытанне: ці можа развівацца ў Беларусі грамадзянская супольнасць, свабода слова і свабода думкі? Напружанасць у адносінах бачная не толькі паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, не вельмі добрыя часы чакаюць і адносіны паміж Мінскам і Масквой”.

Але цікавая не толькі змена ў адносінах паміж Мінскам і Бруселем, але і тое, ці зменяцца неяк паслявыбарчыя адносіны паміж Беларуссю і Эстоніяй. Асабліва пасля таго, як будзе апублікаваная выніковая рэзалюцыя вынікаў назірання за беларускімі выбарамі БДІПЧ АБСЕ.

Еўрарадыё: Назіральнікі БДІПЧ АБСЕ і ў сваёй папярэдняй справаздачы адзначаюць значныя парушэнні падчас прэзідэнцкіх выбараў. Хутчэй, за ўсё, будуць гэтыя факты і ў выніковай справаздачы. Якім, на ваш погляд, будзе стаўленне Эстоніі да вынікаў беларускіх выбараў з улікам адзначаных назіральнікамі парушэнняў?

Марко Міхельсон: Думаю, што ніякіх вялікіх зменаў у адносінах з Беларуссю не будзе. Галоўнае тут, якая сітуацыя ў самой Беларусі і якое жаданне там наконт пашырэння адносінаў з краінамі Еўрасаюза. Эканамічныя ўзаемаадносіны, мы бачым, што больш-менш стабілізаваліся. Выгадныя яны як Беларусі, так і Эстоніі. Але палітычны фон не дае магчымасці пашыраць кантакты. Гэта звязана з тым, што развіццё ў бок дэмакратыі незаўважнае.

Як Еўрасаюз павінен паставіцца да выбараў у Беларусі… Маё меркаванне, калі Еўрасаюз хоча бачыць нейкія рэальныя змены ў вашай краіне, то еўрапейская палітыка мусіць суправаджацца не толькі нейкімі бюракратычнымі чаканнямі — Еўрасаюз павінен выкарыстоўваць больш рэсурсаў для таго, каб уплываць на сітуацыю.

Еўрарадыё: Як можа Еўрасаюз ўплываць на Беларусь заўтра: зняццём санкцый ці захаваннем іх?

Марко Міхельсон: Цяжкае пытанне… З дапамогай санкцый мы паказвалі сваю незадаволенасць тым, што адбываецца ў Беларусі. У той жа час, мы ведаем, што санкцыі падштурхнулі Лукашэнку і беларускую эліту быць закладнікамі расійскай палітыкі. У тым плане, што тая падтрымка, якая ідзе ў Беларусь з Расіі, робіць нулявымі ўсе спробы Еўрасаюза з дапамогай санкцый уплываць на сітуацыю ў Беларусі: каб развіваліся нейкія дэмакратычныя інстытуты, грамадзянская супольнасць. З іншага боку, я думаю, тое, што адбываецца сёння паміж Расіяй і Украінай, у будучым паўплывае і на Беларусь. Калі зменшыць напружанасць санкцый цяпер, то адначасова Еўрапейскі саюз павінен выкарыстоўваць больш рэсурсаў, каб на розных узроўнях павялічыць дапамогу тых інстытутаў і тых арганізацыяй, якія працуюць на развіццё грамадзянскай супольнасці. Гэта складана, улічваючы колькасць розных праблем у самім Еўрасаюзе, але гэта ў інтарэсах рэгіянальнай стабільнасці ўсіх краін гэтага рэгіёна.

Еўрарадыё: А чаму Эстонія так занепакоеная дэмакратычнасцю Беларусі? Час такі, калі краіны найперш павінны думаць пра эканамічнае выжыванне…

Марко Міхельсон: Ну, давайце разважаць толькі з пункту гледжання “эканамічнага выжывання”. А ва ўмовах недэмакратычнай Беларусі можна казаць пра абарону інвестыцый, да прыкладу? У нашых інтарэсах, каб інвестыцыі, якія мы зробім у Беларусь, былі б абароненыя. А абароненыя яны могуць быць толькі тады, калі працуюць дэмакратычныя інстытуты, калі суд — незалежны і гэтак далей. Нельга сказаць: “Распачнём бізнес і ўсё будзе добра!”. Трэба думаць пра тое, як абараніць гэты бізнес прававымі сродкамі. І бізнес непасрэдна звязаны з тым, як будзе развівацца сітуацыя ўнутры Беларусі.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі