ЕС прыняў 9-ы пакет санкцый у дачыненні да Расіі: што ў ім?

Здаецца, цяпер Расіі не будзе дзе купляць рухавікі для дронаў / pixabay
Здаецца, цяпер Расіі не будзе дзе купляць рухавікі для дронаў / pixabay

Еўрасаюз прыняў 9-ы пакет эканамічных санкцый супраць Расіі. Адпаведнае паведамленне апублікаванае на афіцыйным сайце Савета Еўропы.

"Выкарыстаўшы голад, Пуцін цяпер ператварае ў зброю зіму, наўмысна пазбаўляючы мільёны ўкраінцаў вады, электрычнасці і ацяплення. Еўрапейскі саюз рэагуе на гэтую апошнюю эскалацыю і ваенныя злачынствы 9-м пакетам жорсткіх санкцый. Мы працягнем атакаваць эканоміку і тых, хто грае важную ролю ў гэтай жорсткай вайне", — гаворыцца ў заяве прадстаўніка ЕС па замежных справах Жазепа Барэля.

Новыя санкцыі закрануць 168 суб'ектаў. Будуць накладзеныя абмежаванні на экспарт тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння, а таксама тавараў і тэхналогій, якія могуць спрыяць тэхналагічнаму ўдасканаленню сектара абароны і бяспекі Расіі. Каб пазбегнуць абыходу санкцый, у спіс уключылі некаторыя падкантрольныя Расіі арганізацыі, якія базуюцца ў Крыме.

Акрамя таго, ЕС пашырыць забарону на экспарт тавараў і тэхналогій, звязаных з авіяцыяй і касмічнай галіной, уключыўшы ў яго авіяцыйныя рухавікі і іх дэталі. Гэтая забарона будзе распаўсюджвацца як на пілатаваныя, так і на беспілотныя лятальныя апараты. Гэта значыць, цяпер экспарт рухавікоў для дронаў у Расію будзе забаронены. Таксама будзе забаронены экспарт рухавікоў для дронаў у любую трэцюю краіну, якая магла б паставіць іх Расіі.

Акрамя таго, Савет Еўропы ініцыяваў працэс прыпынення дзеяння ліцэнзій на вяшчанне чатырох расійскіх СМІ: НТВ/НТВ "Мір", "Расія-1" , "РЭН ТБ" і "Першы канал".

"Гэтыя СМІ знаходзяцца пад пастаянным прамым або ўскосным кантролем кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі і выкарыстоўваюцца апошнім для бесперапынных і ўзгодненых дзеянняў па дэзінфармацыі і ваеннай прапагандзе, якія ўзаконьваюць расійскую агрэсію і падрываюць падтрымку Украіны", — гаворыцца ў прэс-рэлізе Савета Еўропы.

ЕС таксама пашырыць забарону, накіраваную на новыя інвестыцыі ў расійскі энергетычны сектар. А грамадзянам ЕС забароняць займаць якія-небудзь пасады ў кіроўных органах усіх расійскіх дзяржаўных або кантраляваных дзяржавай юрыдычных асоб, арганізацый або органаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі