Вы тут

ЕС пра рэферэндум: ва ўмовах парушэння правоў чалавека і жорсткіх рэпрэсій

Галасаванне ў Беларусі / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота

Канстытуцыйны рэферэндум у Беларусі адбыўся "ва ўмовах паўсюдных парушэнняў правоў чалавека і жорсткіх рэпрэсій супраць усіх слаёў беларускага грамадства". Такая ацэнка даецца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля.
 
Ён згадвае, што ў Беларусі налічваецца больш за 1070 палітвязняў, прастора для грамадскага абмеркавання знішчаная, шырока выкарыстоўваецца наўмысная дэзінфармацыя. Вялікая колькасць беларускіх грамадзян вымушана пакінула краіну.

"Гэта не тыя ўмовы, якія неабходныя для дэмакратычнага працэсу перагляду Канстытуцыі", — канстатуе прадстаўнік ЕС. 

Ён адзначае, што ўладчы рабілі масавыя фальсіфікацыі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах: "І нішто не паказвае на паляпшэнне выбарчай сістэмы".

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі спаслаўся на ацэнку Венецыянскай камісіі: прапанаваныя змены ў Канстытуцыю даюць Лукашэнку дадатковыя інструменты для далейшага ўмацавання сваёй улады.

Ён выказаў трывогу з нагоды таго, што з новага праекта Канстытуцыі выдаленая згадка пра бяз'ядзерны статус Беларусі. 

"ЕС самым рашучым чынам асуджае датычнасць Беларусі да далейшай агрэсіі супраць Украіны, і мы будзем прымаць меры ў дачыненні да тых у Беларусі, хто супрацоўнічае з расійскай ваеннай агрэсіяй супраць Украіны", — заяўляе Барэль.

Ён паабяцаў далейшую падтрымку ЕС для "пабудовы незалежнай, суверэннай і дэмакратычнай Беларусі, заснаванай на павазе да фундаментальных свабод і вяршэнства права".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.