Эльжбета Радзівіл прыехала ў Беларусь на вакацыі

Князёўна хацела пабыць у нашай краіне інкогніта, але яе ўсё адно пазнаюць на кожным кроку Усяго праз два месяцы пасля гучнага травеньскага візіту Радзівілаў у Беларусь Эльжбета Радзівіл зноўку прыехала ў Нясвіж! Князёўне настолькі спадабалася тут, што адразу па вяртанні ў Варшаву пачалося абмеркаванне наступнага візіту.

Гэтым разам было вырашана зрабіць гэта інкогніта — без прэсы і асаблівай шуміхі. Суправаджаюць князёўну пляменнікі князі Мацей і Мікалай, а таксама Марцін Радзівіл — сын Антонія Радзівіла з Лондану, які ёсць апошнім Радзівілам, які спачыў у крыпце Нясвіжскага касцёлу ў 2000 годзе.

Пасяліліся князі ў гатэлі. Адметна, што калі адміністрацыя гатэлю пабачыла прозвішча ў пашпартах, то было вырашана браць з гасцей не ўдвая больш, як з усіх замежнікаў, а па “беларускім” тарыфе.

Эльжбета Радзівіл знаходзіцца ў Беларусі ўжо тыдзень. Гэты час княгіня адпачывае: гуляе па родным парку ў Нясвіжы, аглядае, як ідзе аднаўленне замку, наведала Мірскі замак, іншыя мясціны… У Мінску князёў вітаў міністр культуры спадар Павел Латушка, які даў абед у рэстаране “Новы Нясвіж”.

Ад гэтага моманту і далей — спецыяльныя падрабязныя рэпартажы на “Еўрарадыё”.

Хоць пані Эльжбета ўжо была ў траўні ў Мірскім  замку, яна захацела паказаць яго пану Марціну Радзівілу — бо ён быў тут толькі на пачатку 90-х. На групавым фота — спадарства Марцін, Мікалай, Эльжбета, Мацей Радзівілы.

У Нясвіжы пані Эльжбета найперш скіравалася да касцёлу, а там — у крыпту, дзе, сярод  астатніх князёў, спачыў і яе бацька.

У касцёле захаваўся стары кандэлябр, які быў тут яшчэ ў часы князя Альбрэхта, бацькі пані Эльжбеты

Хоць у касцёле і маліліся людзі, пабачыўшы князёўну, яны, не спыняючы спявання рэлігійных песень абступілі яе і сталі вітаць.

Ксёндз Пётр паказаў князёўне старыя фота касцёлу, на якіх храм выяўлены пашкоджаны ў часе вайны.

Пані Эльжбета прызналася, што ў Варшаве яна не мае столькі энергіі, колькі тут, у Нясвіжы.

Каля замку князёўна доўга распытвала дырэктара нясвіжскага музею Валерыя Сталярчука пра дэталі рэстаўрацыі

Абед у рэстаране “Ратуша” вельмі спадабаўся князёўне