Вы тут

Эксперт: ваенны сцэнар Пуцін прымяняць не будзе, а да гібрыдных трэба рыхтавацца

Якой будзе партыя / pixabay

За апошнія два тыдні Украіна атрымала больш ваеннай дапамогі ад сваіх заходніх партнёраў, чым за мінулыя восем гадоў, расказаў у эфіры Еўрарадыё намеснік дырэктара украінскага Цэнтра даследавання войска, канверсіі і раззбраення Міхаіл Самусь.

— Гэта ўсяляе надзею на тое, што Украіна пакажа такую гатоўнасць, якая ўсё ж утрымае [Уладзіміра] Пуціна ад самага дрэннага сцэнара. Ён будзе далей спрабаваць праз сваю агентуру, пятую калону ствараць дэстабілізацыю ва Украіне. Паспрабуе дэстабілізаваць кіраванне, палітычнае кіраўніцтва, абстаноўку нанясеннем гібрыдных удараў па эканоміцы і энергетыцы. Напрыклад, цяпер вельмі актуальны ўплыў цэн на газ і электраэнергію.

Я спадзяюся, што ваенны сцэнар Пуцін не будзе ўжываць, а вось да гібрыдных сцэнароў нам трэба ўважліва рыхтавацца.

Разам з тым Самусь падкрэсліў, што ўкраінскае войска пастаянна знаходзіцца ў баявой гатоўнасці.

— Вайна ідзе ўжо восем гадоў. Адна частка войскаў знаходзіцца на ратацыі ў баявых дзеяннях, іншая рыхтуецца і адпачывае. Нашы Узброеныя сілы такім вахтавым метадам служаць ужо доўгі час.

 

Як беларусы будуць будаваць адносіны з Украінай

Масква працягвае адмаўляць планы па эскалацыі канфлікту на мяжы з Украінай. Украінская Рада нацыянальнай бяспекі і абароны кажа, што не бачыць "сёння падстаў сцвярджаць, што будзе поўнамаштабны наступ РФ". Еўрапейскі саюз таксама настроены аптымістычна і разлічвае на дыпламатыю, вывозіць супрацоўнікаў амбасад з Кіева ЕС не стаў.

Іншыя паводзіны дэманструюць ЗША, якія ўжо распарадзіліся арганізаваць ад'езд сем'яў супрацоўнікаў амбасады. Частцы дыпламатаў таксама дазволілі пакінуць краіну.

У гутарцы з украінскай службай ВВС сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што краіна не можа дапусціць падзення эканомікі. А менавіта яго можа справакаваць пераход "у стан панікі".

— Далей маніпуляваць будзе значна лягчэй, а гэта задача Расіі. І навошта гэта робяць агульным акцэнтам астатнія партнёры — у нас тут ёсць пэўныя пытанні на гэты конт.

Але калі ўсё ж дойдзе да эскалацыі і Беларусь станецца ўцягнутай у гэты канфлікт, якімі будуць далейшыя адносіны паміж нашымі краінамі?

— Я ўпэўнены, што расійскі бок гаварыў бы пра тое, што беларускія войскі таксама ўдзельнічаюць у канфлікце. І што ўсе аперацыі супольныя, як супольныя вучэнні і пагрозы для Саюзнай дзяржавы.

Для ўкраінцаў, вядома, будзе важна, ці сапраўды беларусы ўдзельнічаюць у гэтым. Рана ці позна праўда стане яўнай і ўсе даведаюцца пра тое, як сябе паводзілі беларусы і наколькі гэтая сітуацыя праблематычная для будаўніцтва новых адносін паміж нашымі краінамі.

Для Украіны Беларусь — найбліжэйшая нацыя, з якой мы ў кожным разе будзем будаваць новыя адносіны. І я ўпэўнены, што Беларусь рана ці позна далучыцца да новага хаўрусу, які прапанаваў Лондан: Вялікабрытанія — Польшча — Украіна. І мы разам будзем новай рэгіянальнай сілай.

Поўную версію гутаркі з экспертам глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.