Эксперт: Стратаў ад забароны польскіх яблыкаў у Расіі пакуль няма

Нягледзячы на расійскія “яблычныя санкцыі” кошты на гэтую садавіну ў польскіх супермаркетах практычна не змяніліся. Эканаміст паморскага асяродку дапамогі фермерам, доктар Даніэль Рошак расказвае, што на унутраны рынак “расійскія” яблыкі пакуль не трапілі.

“Гэтыя санкцыі могуць мець уплыў на кошты. Але што тычыцца яблыкаў, то пакуль на рынку яблыкі з ранняга ураджаю, які галоўным чынам і так быў прызначаны для ўнуранага рынку”, — расказвае эксперт.

Яблыкі з Польшчы сёння складаюць 3,5% сусветнай вытворчасці яблыкаў і амаль 25% яблыкаў, вырашчаных у ЕС. Яблыневыя сады займаюць 174 тысяч гектараў і ёсць практычна ва ўсіх раёнах краіны. Прычым, з кожным годам гэтая плошча павялічваецца. Ці будзе павялічвацца далей, залежыць ад новых рынкаў. Цяпер польскія ўлады актыўна шукаюць, чым замяніць расійскі. Ад ЗША ужо атрымалі папярэднюю зацікаўленасць. Калі ў палякаў усё атрымаецца, то праз год, калі санкцыі павінны быць адмененыя, Расія купляць яблыкі ў Польшчы ўжо не зможа пры ўсім жаданні.

Словы польскага эксперта аб тым, што рынак пакуль не значна адрэагаваў на расійскія санкцыі, пацвярджаюць і ў беларускіх крамах. Кошты на яблыкі і агулам на садавіну пакуль ніяк не змяніліся. За выключэннем сезоннага паніжэння, вядома.

Даніэль Рошак прагназуе, што нейкія перамены могуць быць заўважныя хіба позняй восенню, калі прыйдзе час збіраць ураджай прызначаных на экспарт у Расію яблыкаў. Тады, магчыма, яны патаннеюць і для палякаў, і для беларусаў. І тое, толькі ў тым выпадку, калі урад не знойдзе новыя рынкі збыту.

“Як гэта канчаткова адаб’ецца на польскім экспарце, будзе бачна значна пазней, трэба пачакаць. Яблыкі, якія раней адпраўлялі на экспарт у Расію, гэта не той прадукт, што хутка сапсуецца. Іх няма патрэбы неадкладна прадаць”.

Еўрасаюз тым часам выдзяляе 125 мільёнаў еўра для падтрымкі фермераў, чые інтарэсы закранулі расійскія санкцыі. 82 мільёны з іх пойдзе акурат вытворцам яблыкаў. Аднак польскія фермеры патрабуюць большага. 25 жніўня адразу некалькі соцень чалавек пратэставалі у Бруселі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі