Эксперт пра “Указ аб 22 еўра”: Гэта толькі пагоршыць сітуацыю

Эксперт пра “Указ аб 22 еўра”: Гэта толькі пагоршыць сітуацыю

Прыкладна праз два месяцы адзін чалавек у Беларусі на працягу каляндарнага месяца зможа атрымаць пасылку без выплаты мытных плацяжоў толькі, калі мытны кошт не перавышае 22 еўра, а агульная вага — 10 кг. Пакуль што можна атрымаць пасылку коштам 200 еўра і вагой да 31 кг. Таксама змяняецца парцэдура ўвоза тавараў праз аўтадарожныя і чыгуначныя пункты пропуску. Абмежаванне ў памеры 1500 еўра і 50 кг на чалавека застаецца. Але калі чалавек перасякае мяжу часцей, чым раз у тры месяца, то тавары, даражэйшыя за 300 еўра, будуць абкладацца мытнымі плацяжамі. Ужо не будзе лічыцца што гэта тавары "для асабістага карыстання". Усё гэта прапісана ў новым указе (№ 40) кіраўніка краіны.

Эканаміст Сяргей Чалы гаворыць, што такія меры улады прымаюць, каб наскрэбсці хаця б нейкія грошы ў наскрозь дзіравы бюджэт:

“Гэта ўсё дробязлівасць. Жаданне хоць нейкіх грошай назбіраць, хоць неяк пратрымацца. У тым разуменні, у якім нашыя ўлады існуюць. Для іх любы імпарт — пагроза нашай прамысловасці, якая на самой справе напалову мёртвая. Таму трэба максімальна ўсю гэтую справу забараніць, абмежаваць і гэтак далей”.

Аднак, на думку Чалага, увядзенне новых збораў і пошлін хутчэй прынясе больш шкоды, чым дапаможа развіваць беларускую эканоміку.

“Логіка абмежавання выдаткаў і спроба сабраць хоць нейкія падаткі з эканомікі — яна на самой справе контрпрадуктыўная. Усё гэта толькі прыціскае эканамічную актыўнасць. А займацца трэба тым, што будзе ёй спрыяць. Але гэта, на жаль, цалкам супярэчыць асноўнай логіцы дзеянняў нашых уладаў за апошнія некалькі гадоў”, — мяркуе Сяргей Чалы.

Дакладная дата ўступлення ў сілу ўказа №40 пакуль невядомая. Гэта адбудзецца праз 2 месяцы пасля апублікавання, але афіцыйнай публікацыі тэксту дакумента яшчэ не было. У Мытным камітэце таксама ўстрымліваюцца ад каментароў.

Эксперт пра “Указ аб 22 еўра”: Гэта толькі пагоршыць сітуацыю

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі