Вы тут

Эксперт: перад нападам на Украіну беларускае войска абстраляе яе ракетамі

Алег Жданаў / Media.az

Перад верагодным уварваннем ва Украіну беларускае войска будзе абстрэльваць краіну ракетамі. Меркаванне ваеннага эксперта Алега Жданава публікуе радыё "НВ".

"Абавязкова наземнаму ўварванню папярэднічае масіраваны ракетна-авіяцыйны ўдар. Затым, па магчымасці, калі ёсць дасяжнасць далёкасці, уступае артылерыя, а затым толькі далучаюцца войскі. Але войскі ўжо будуць ісці пад прыкрыццём авіяцыі і ракетных войскаў. У нас ёсць чым "сустракаць" і ракетныя войскі, і авіяцыю", — адзначае Жданаў.

Па словах эксперта, дзеянні па падрыхтоўцы да вайны, якія ажыццяўляе Лукашэнка, больш не трэба ўспрымаць як пусканне пылу ў вочы Пуціну. Да гэтага трэба ставіцца з усёй сур'ёзнасцю, бо, лічыць Жданаў, Беларусь рэальна рыхтуецца да вайны.

Асноўнымі напрамкамі беларускай арміі стане Валынскі і Ровенскі:

"Думаю, што далей яны не пойдуць. Чаму? Таму што асноўная мэта гэтага ўварвання — па-першае, спроба адкрыць другі фронт. Каб мы ваявалі на два фронты. Любы вайсковец вам скажа, што гэта вельмі цяжка. Яшчэ ніхто не выйграваў вайну на два фронты. А другая, і не менш галоўная задача — гэта спроба адрэзаць Украіну ад заходняй дапамогі”.

Пры гэтым, лічыць Алег Жданаў, напад на Украіну можа стаць канцом праўлення Лукашэнкі. Беларускі лідар гэта ўсведамляе і спрабуе адстрочыць момант уступлення свайго войска ў вайну, паколькі ўварванне можа выклікаць новую хвалю пратэстаў у Беларусі. З іншага боку, "зацягванне" нападу можа стаць трыгерам для таго, каб Пуцін распачаў спробу адхілення Лукашэнкі ад улады.

“Нягледзячы на ​​тое, што армія з'яўляецца сілавой структурай, калі будзе народная незадаволенасць, то армія можа падтрымаць народ. І можа перайсці на бок народа і адмовіцца выконваць загад па ўварванні. І гэта можа прывесці да адхілення яго ад улады. Гэтыя рызыкі Лукашэнка разумее. Але ён сам сябе загнаў у такі кут, калі з аднаго боку незадаволенасць грамадства і самога войска, а з другога боку ў яго Пуцін, які настойвае на тым, каб Беларусь умяшалася ў сітуацыю ва Украіне — уступіла ў вайну".

17 чэрвеня ў Бабруйску Лукашэнка чарговы раз заявіў, што Беларусь не збіраецца ваяваць ва Украіне. Але гэта пакуль украінцы "не перайшлі чырвоную лінію".

"Як толькі вы пяройдзеце нашу мяжу або будзеце нацэльваць на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод (у іх такая шальная думка была), мы імгненна адкажам. Таму вы нас не чапайце, мы да вас не збіраемся ісці", — сказаў беларускі кіраўнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.