Вы тут

Эксперт: канстытуцыйны рэферэндум можа адбыцца ў час вучэнняў “Захад-2021”

Андрэй Паротнікаў / Еўрарадыё

У Беларусі набліжаюцца чарговыя беларуска-расійскія вучэнні “Захад-2021”. Гэтым разам яны пройдуць у атмасферы найбольш напружанных адносінаў афіцыйнага Мінска з Захадам. З улікам эміграцыйнага і палітычнага крызісаў пяці суседнім краінам гэта дае падставу быць гатовымі да рэагавання, мяркуе кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

“У дадзеным выпадку кардынальна змяніўся фон гэтых вучэнняў. Чаго баяліся нашы суседзі [краіны ЕС. — Еўрарадыё]? Таго, што расійскія войскі неяк не так будуць сябе паводзіць: альбо пасля вучэнняў гэтыя [вайсковыя] аддзелы застануцца ў Беларусі, альбо будуць нейкія правакацыі з расійскага боку. То-бок усе былі ўпэўнены ў добрасумленных паводзінах афіцыйнага Мінска, але падазравалі Маскву ў нейкіх змовах і падвойнай гульні. Але зараз мы ў той сітуацыі, калі Расія — гэта добрасумленный гулец, а вось ад Мінска можна чакаць усяго што заўгодна. І публічныя заявы Лукашэнкі пра тое, што еўрапейскія краіны спрабуюць справакаваць Трэцюю сусветную вайну ў цэнтры Еўропы, то-бок недзе каля Беларусі, нельга ігнараваць, бо ён дзейны кіраўнік Беларусі”, — кажа эксперт. 

Але ці бяспечна будзе расійскім вайскоўцам цяпер знаходзіцца ў Беларусі?

“Мы бачылі вельмі дзіўную гісторыю з атакай на частку ВМФ Расіі ў Вілейцы, дзе быў ці то выбух, ці то нейкія хлапкі. І самае цікавае, што расійскі бок ніяк гэта не пракаментаваў. А вось беларускі бок заяўляе, што гэта нейкія тэрарыстычныя групы, якія кіраваліся з Нямеччыны. Але калі падчас іншай правакацыі хтосьці з расійскіх вайскоўцаў загіне — гэта, безумоўна, гульня з агнём. Расійскі бок даволі аб’ектыўна ацэньвае сітуацыю, якая склалася ў Беларусі і вакол яе”.

На думку Паротнікава, праблема цяпер больш шырокая, бо яе трэба разглядаць не толькі ў кантэксце знешнепалітычным, але таксама і ў кантэксце ўнутрыпалітычным: 

“Нельга выключаць, што акурат у гэтыя даты [правядзення вучэнняў. — Еўрарадыё] будзе праходзіць канстытуцыйны рэферэндум. І ўлады напэўна не выключаюць магчымасць публічных масавых пратэстаў і могуць выкарыстоўваць сам факт прысутнасці расійскага войска дзеля дэматывацыі палітычных апанентаў. Маўляў, паспрабуеце выступіць супраць рэжыму, а расійскія танкі ўжо ў Беларусі”.  

Эксперт вельмі скептычна ставіцца да таго, што Расія зацікаўленая ў стварэнні ў Беларусі “шэрай зоны”, як ва Украіне, — праекта ДНР 2.0.

“Сітуацыя з паўднёвым усходам Украіны і з Беларуссю вельмі адрозніваецца. Па-першае, гэта іншы маштаб на ўтрыманне гэтай структуры, каб утварыць нешта такое ў Беларусі. А па-другое, а што Крэмль атрымае? Канфлікт з НАТА? Дык яны добра спраўляюцца ўласнымі сіламі. Гэта проста прывядзе да ізаляцыі Беларусі па паўднёвай, заходняй і паўночнай межах — будзе такое 9-мільённае Самалі. 

Расія, вядома, мае сваю зацікаўленасць у Беларусі. У іх зараз трошкі іншая задача: усталяванне паўнавартаснага вайсковага, палітычнага і эканамічнага кантролю. Але, як ні дзіўна, для гэтага ім трэба нешта рабіць з Лукашэнкам, бо ён адыгравае дзве ролі: з аднаго боку, усе гэтыя часы яго палітыка прывязвала Беларусь да Расіі, з іншага — стрымліваў расійскае пранікненне ў Беларусь”.

Днямі Лукашэнка пракаментаваў інцыдэнт на літоўска-беларускай мяжы, калі літоўскія памежнікі вярнулі ў Беларусь нелегальных мігрантаў. 

“Тое, што людзі туды падаліся, — гэта толькі пачатак. Я ўжо вам сёння сказаў: далей туды пойдуць людзі ўзброеныя, каб абараніць вось такіх вось пакрыўджаных людзей”, — заявіў Лукашэнка.

Ці варта да такіх заяваў ставіцца сур’ёзна?

“Давайце згадаем, як Лукашэнка некалькі разоў пагражаў Еўрасаюзу міграцыйным крызісам, калі яны будуць сябе паводзіць неяк не так, як бы ён хацеў бачыць. І цяпер — мы маем гэта! Таму не лічу, што гэтыя заявы вартыя смеху. Гэта вельмі небяспечная гульня, якая можа прывесці да непрадказальных наступстваў”, — рэзюмуе Паротнікаў.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.