Эксперт: Беларусам прыйдзецца зніжаць кошты, каб утрымацца на рынку Украіны

Дамова аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрасаюзам стала адной з асноўных тэмаў сустрэчы прэм’ера Украіны Мікалая Азарава і Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску. Паведамляецца, што бакі дамовіліся стварыць экспертныя групы, якія вывучаць праблемы (!), што могуць паўстаць паміж Мінскам і Кіевам.

“Перш за ўсё яны засяродзяць свае намаганні на тым, як гэтыя праблемы вырашыць і як выкарыстоўваць гэтую акалічнасць для ўсебаковага развіцця нашых адносін”, — адзначыў Мікалай Азараў на сустрэчы з кіраўніком Беларусі.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, што ж гэта за праблемы такія. Кіраўнік камітэту эканамістаў Украіны Андрэй Новак мяркуе, што еўраінтэграцыя Украіны можа быць толькі на руку беларускім вытворцам.

“Тым вытворцам, якім ёсць што прадаваць на еўрапейскім рынку, чыя прадукцыя канкурэнтаздольная, будзе толькі лепш. Яны змогуць праз украінскіх партнёраў, праз сумесныя і партнёрскія прадпрыемствы працаваць з ЕС. І расійскія вытворцы, і казахскія, і беларускія змогуць так працаваць”, — мяркуе Новак.

Пытанне ў тым, ці ёсць што прапанаваць беларусам на той самы еўрапейскі рынак. У 2011 годзе наша краіна экспартавала ва Украіну тавараў больш чым на 4 мільярды долараў (украінскі экспарт нязначна перавысіў 2 мільярды), але ў асноўным гэта былі нафтапрадукты і ўгнаенні. Доля прадуктаў харчавання, машын і трактароў на агульным фоне нязначная.

Яшчэ адзін нюанс. Вынікам падпісання Дамовы аб асацыяцыі Украіны з ЕС можа стаць прыток на ўкраінскі рынак тавараў з краін ЕС, у першую чаргу — з Польшчы. І беларускім вытворцам адвядзецца знізіць кошты на свае тавары, мяркуе Андрэй Новак.

“Магчыма, еўрапейскія тавары насамрэч пачнуць паступаць на ўкраінскі рынак па больш нізкім кошце, чым беларускія. А па якасных характарыстыках беларуская прадукцыя, якая прадаецца на ўкраінскім рынку, цалкам канкурэнтаздольная ўжо зараз”.

Эксперт па ўкраінска-беларускіх адносінах украінскі палітолаг Алег Санжарэўскі глядзіць на сітуацыю пазітыўна. Гаворыць, што ўкраінска-еўрапейскае пацяпленне гаспадарчых адносінаў паміж Мінскам і Кіевам не папсуе. Бо яны зараз на настолькі нізкім ўзроўні, што могуць толькі паляпшацца.

“Эканамічная база нашых адносінаў, на жаль, знаходзіцца на настолькі нізкім узроўні, што рэзкага штуршку не будзе. Штуршку ўніз — дык дакладна”.

Калі з гаспадаркай усё больш-менш зразумела, то з палітыкай складаней. Паверыць у магчымасць беларуска-ўкраінскага палітычнага супрацьстаяння складана. Як і ва ўвядзенне віз паміж нашымі краінамі. Санжарэўскі мяркуе, што Кіеў быў бы не супраць стаць медыятарам паміж Мінскам і Брусэлем. Аднак Кіеў зараз слабы для такіх гульняў.

“Украіна, я думаю, была б вельмі зацікаўленая ў тым, каб стаць мостам паміж ЕС і Беларуссю. Пытанне ў тым, наколькі моцным будзе такі мост. Украіна зараз ускоквае на падножку апошняга вагона. Пытанне, наколькі яе будуць слухаць у ЕС”.

Пры гэтым і Новак, і Санжарэўскі гавораць, што ў развіцці ўкраінска-еўрапейскіх адносінаў пакуль не так шмат канкрэтыкі. Нават нягледзячы на хуткі віленскі саміт Еўрасаюза, дзе чакаецца падпісанне Дамовы аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС. З Беларуссю ў Кіева адносіны куды больш зразумелыя і простыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі