Экс-палітвязніца Вольга Гарбунова атрымала ўзнагароду Front Line Defenders Award

Вольга Гарбунова / фота з асабістага архіва
Вольга Гарбунова / фота з асабістага архіва

Экс-кіраўніца грамадскага аб'яднання "Радзіслава" Вольга Гарбунова атрымала міжнародную прэмію Front Line Defenders Award — ёй адзначаюць праваабаронцаў, якія ўносяць уклад у барацьбу за правы чалавека, падвяргаючы сябе рызыцы. Гэтую прэмію звычайна ўручаюць у траўні, але тады імя Вольгі не сталі называць, каб яе засцерагчы — на сайце яна пазначаная як "лаўрэат з Беларусі". Учора для яе арганізавалі адмысловую цырымонію ў Вільні, на якой нарэшце ўручылі ўзнагароду.

Гарбунова — эксперт па пытаннях хатняга гвалту. Яна была адной з гераінь міжнароднага дакументальнага фільма "WOMAN", дзе сабраны апавяданні дзвюх тысяч жанчын з 50 краін свету. Яе затрымалі ў лістападзе 2021 года за кіраўніцтва "жаночымі маршамі". "Жанчына працуе менеджэрам у грамадскім аб'яднанні для асоб, якія пацярпелі ад дамашняга насілля. У жніўні і верасні мінулага года яна кіравала так званымі жаночымі маршамі ў сталіцы. Пры гэтым сама выходзіла на праезную частку, перакрываючы дарожны трафік", — паведамілі тады ў МУС.

Вольга знаходзілася ў СІЗА паўгода, пасля вызвалення яна пакінула Беларусь. У лістападзе яе прызналі "экстрэмісткай".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі