Экс-палітвязень Юрый Рубцоў папрасіў палітычнага прытулку ў Германіі

Экс-палітвязень Юрый Рубцоў папрасіў палітычнага прытулку ў Германіі

Былы палітвязень Юрый Рубцоў папрасіў палітычнага прытулку ў Германіі, паведамляе БелаПАН.

Ён распавёў, што пакінуў Беларусь па просьбе сына і жонкі. "Мяне наўмысна не бралі на працу на радзіме, і ў выпадку нявыплаты падатку на дармаедства я зноў трапіў бы за краты", — распавёў ён тэлеканалу "Белсат".

Рубцоў паведаміў, што зараз ён разам з жонкай Ядвігай знаходзіцца ў намётавым лагеры для бежанцаў у Нюрнбергу. Пры гэтым актывіст падкрэсліў, што не збіраецца адмаўляцца ад палітычнай барацьбы.

Нагадаем, што гамяльчук Юрый Рубцоў стаў вядомы як "чалавек-майка". На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг "Лукашэнка, сыходзь!". У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На "хіміі" Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату "Лукашэнка, сыходзь".

28 траўня 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка.

Фота: tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі