Вы тут

Экс-кіраўніка падраздзялення Беларускай чыгункі вінавацяць у хабарніцтве

Фота: sk.gov.by

Экс-начальніка Магілёўскай дыстанцыі шляху Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі вінавацяць у атрыманні хабару. Яго справу расследавала ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску. 

Як выявіла следства, з красавіка 2016 года па кастрычнік 2017-га ў Мінску ў некалькі прыёмаў узяў грошы ад дырэктара камерцыйнага прадпрыемства. 1950 рублёў ён атрымаў за заключэнне дамоваў на рамонт абсталявання філіяла чыгункі. Хаця фірма выйграла тэндар на гэты рамонт, яго выкананне тармазілася. Тады пры асабістай сустрэчы прадстаўнік прыватнай кампаніі дамовіўся пра "адкат" — 5-10% ад сумы здзелкі. Толькі пасля гэтага фірма змагла пачаць рамонт.

Абвінавачанага затрымалі 9 кастрычніка 2017 года ў Мінску, калі ён атрымаў 1600 рублёў хабару. Да таго часу ён ужо не працаваў у дыстанцыі шляху.

Падчас расследавання мужчына прызнаў сваю віну. Ён узяты пад варту. Праваахоўнікі наклалі арышт на яго маёмасць: кватэру ў Магілёве, аўтамабіль Toyota RAV4 і грошы. 

Дырэктар прыватнай кампаніі ад крымінальнай адказнасці вызвалены, бо добраахвотна заявіў пра перадачу грошай у якасці хабару.

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.