Вы тут

Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч вяртаецца ў Беларусь

Экс-кандыдат у прэзідэнты 2010 года і палітуцякач Алесь Міхалевіч вяртаецца ў Беларусь.

"Шмат разоў казаў, што вярнуся ў Беларусь адразу, як выпусцяць асноўных палітзняволеных (думаў пра Бяляцкага і Статкевіча). Яны на свабодзе. Перасякаю мяжу Беларусі, ведаю, што мяне арыштуюць, бо застаюся апошнім абвінавачваемым па справе аб "масавых беспарадках" 2010 года, якую следчы камітэт адмаўляецца зачыняць", — напісаў палітуцякач у фэйсбуку.

Паведамляецца, што ён вяртаецца цягніком з Вільні ў Мінск, дзе ў яго засталася сям'я.

Нагадаем, што Міхалевіч быў арыштаваны разам з іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты 19 снежня 2010 года. Увесну 2011 года ён быў выпушчаны з турмы КДБ і паведаміў, што там яго завербавалі для працы на спецслужбы. Пасля гэтага Міхалевіч уцёк з Беларусі і атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.  

Фота з сацсетак