Вы тут

Эколагі ацанілі пагрозы руска-ўкраінскай вайны для прыроды Беларусі

Расійскі ракетны комплекс "Іскандэр" / novoeizdanie.com

Руска-ўкраінская вайна нясе пагрозу ў тым ліку і прыродзе Беларусі. Так яе ацэньваюць эколагі з аб'яднання UWEC (Ukraine War Environmental Consequences Working group), створанага месяц таму. У яго ўваходзяць спецыялісты з пяці краін свету.

У інтэрв'ю "Новай газеце" экалагічны журналіст Аляксей Аўчыннікаў кажа, што Беларусі пагражае экалагічная катастрофа. Ён адзначае, што ацаніць наступствы вайны для складана, бо практычна ўсе прыродаахоўныя арганізацыі ў Беларусі ліквідаваныя, а актывісты або арыштаваныя, або выціснутыя ў эміграцыю.

Дзяржава, па словах Аўчыннікава, хавае інфармацыю: "Так, напрыклад, увесь поўдзень Беларусі сёння практычна закрыты для наведвання, доступ у лясы для грамадзянскіх асоб забаронены. Таму мы можам толькі меркаваць, што там адбываецца".

Разам з тым ён называе відавочныя экалагічныя пагрозы для Беларусі: "З непасрэднага ўплыву можна адзначыць высокую верагоднасць траплення ракетнага паліва ў грунтовыя воды, значны ўдар па экасістэмах поўдня Беларусі, выкліканы актыўнымі ваеннымі манёўрамі ў гэтым рэгіёне. Таксама не варта забываць, што на поўдні Беларусі знаходзіцца Палескі радыяцыйны запаведнік, доступ да якога і раней быў абмежаваны. Што там адбываецца сёння — загадка".

Як вядома, з тэрыторыі Беларусі расійскія войскі праводзілі запускі ракет па Украіне.

Аўчыннікаў падкрэслівае, што антрапагенная нагрузка на поўдзень Беларусі, відавочна, будзе павялічвацца. Гэта адмоўна пазплывае на ўнікальныя запаведныя тэрыторыі Палесся. 

Міжтым на поўдні Беларусі адбываецца змена кліматычных паясоў, змяненне экасістэм і біяцэнозаў, а таксама назіраюцца актыўныя працэсы апустыньвання. Акрамя таго на поўдні часцей за ўсё фіксуюцца анамальныя ўмовы з'явы — напрыклад, тэмпературныя максімумы. На думку Аўчыннікава, гэтыя тэрыторыі не павінныя выкарыстоўвацца як ваенны палігон і плацдарм для ўварвання на тэрыторыю суседняй дзяржавы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.