Эканамісты: Без высокай стаўкі па крэдытах будуць расці інфляцыя і долар

“Эканоміка стала закладнікам банкаўскай сістэмы. Банкаўская сістэма стала свайго роду МММ, дзе ламавую нагрузку ў якасці асноўнай крыніцы для працэнтных выплат цягнуць прадпрыемствы рэальнага сектару эканомікі. Але іх магчымасці не бязмежныя", — нечакана публічна заяўляе старшыня Дзяржкантролю Леанід Анфімаў на нарадзе.

Фінансавая піраміда МММ займалася продажам акцый, якія ўвесь час даражэлі за кошт новых укладчыкаў. У 1994-м акцыі хадзілі на роўных з рублямі і доларамі, а піраміда аб’ядноўвала ад 10 да 20 мільёнаў чалавек.

Што ж агульнага ў самай буйной расійскай фінансавай піраміды з беларускімі банкамі, высвятляем у эканамістаў.

Піраміда — гэта проста эпітэт. На нарадзе ішла гаворка пра высокія стаўкі па крэдытах. Яны такія, бо гэта сродак забяспечваць валютную стабільнасць пры завышаным курсе рубля. За гэта сапраўды расплачваецца рэальны сектар. Але гэтага б не было, калі б не гуляліся ў палітыку кіраванага курса”, — тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы.

Высокія стаўкі па крэдытах — вынік барацьбы з інфляцыяй, адразу кажа фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб. І папярэджвае, што такія публічныя заявы ад кіраўніка Дзяржкантролю могуць паўплываць на ўклады.

А калі стаўка па крэдытах панізіцца, можна чакаць дэфіцыту валюты.

“Высокія працэнтныя стаўкі — гэта плата за стабілізацыю фінансавай сітуацыі ў краіне. Калі б не гэтыя стаўкі, быў бы больш высокі курс долара, а пры спробе яго ў трымаць — дэфіцыт валюты і дэвальвацыя. Называць гэта пірамідай я б не стаў”, — падсумоўвае Вадзім Іосуб.

Нацбанк спрабуюць абвінаваціць у тым, што нашыя прадпрыемствы працуюць неэфектыўна, адразу гаворыць дырэктар Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджмента Аляксандр Чубрык. Але пагаджаецца, што палітыка галоўнага банка краіны сёння не ідэальная:

“Праблема не ў банку, а ў складаных умовах, у якіх аказалася эканоміка краіны. Прывязвацца да тэмпаў дэвальвацыі — гэта някепская кароткатэрміновая мера, але трэба выходзіць на адназначную інфляцыю цягам найбліжэйшых двух гадоў. Але гэта будзе мець наступствы для ВУП”.

У Белінвестбанку ўжо гатовыя паніжаць стаўку па крэдытах, як толькі дазволіць Нацбанк.

Ва ўсіх банках на сёння адна стаўка — 32,3%. Калі Нацбанк размяшчае адпаведную інфармацыю, мы зніжаем сваю стаўку. На сёння на акцыях ужо ёсць стаўкі 27%”, — адказваюць у банку.

У Нацбанку на публічную заяву старшыні Дзяржкантролю пакуль ніяк не адрэагавалі і не патлумачылі, чым адрозніваецца банкаўская сістэма краіны ад фінансавай піраміды. У 2012 кіраўнікоў ужо новага МММ у Мінску арыштаваў КДБ. Некаторыя фігуранты ўжо трэці год за кратамі.

Як сварацца вышэйшыя чыноўнікі на нарадзе ў прэзідэнта (відэа)

Фота: news.vitebsk.cc

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі