Эканамісты: Беларусь можа не атрымаць чарговы транш крэдыта МВФ

Сяргей Чалы лічыць, што ўлады не гатовыя да прыватызацыі прадпрыемстваў і не стварылі “Агенцтва развіцця”. А на думку Леаніда Заікі МВФ можа не даць грошай з-за таго, што ў нас адмоўнае гандлёвае сальда Днямі з’явілася інфармацыя пра тое, што Ўкраіна з розных прычынаў не атрымае да канца 2009 года чацвёрты транш крэдыта stand-by ад Міжнароднага валютнага фонда. А гэта 3,8 мільярда долараў. Фармальнай нагодай адмовы стаў не так даўно прыняты закон аб павышэнні мінімальных заробкаў і пенсій, на выкананне якога грошай у краіне няма.
Між тым, да канца года чацвёрты транш крэдыта stand-by павінна атрымаць і Беларусь. І зараз у Мінску знаходзіцца місія МВФ, ад рашэння якой залежыць, ці атрымае нашая краіна чарговы транш. Агульная сума крэдыта 3,52 мільярда долараў. На сёння ў Беларусь прыйшло 2,23 міліярда.

Еўрарадыё даведалася, ці не пазбавяць грошай следам за Украінай і Беларусь. На думку эканаміста Сяргея Чалага, небяспека гэтага вельмі рэальная.

Сяргей Чалы: “Да лютага неабходна правесці пілотную прыватызацыю пяці прадпрыемстваў. І па гэтым пытанні зараз будуць галоўныя спрэчкі. Да таго ж ішла размова пра тое, каб да канца года стварыць “Агенцтва развіцця”. Гутарка ішла пра тое, каб забраць у банкаўскай сістэмы не датычную яе функцыю абслугоўвання дзяржпраграм і перадаць іх гэтаму Агенцтву. Ісці фінансаванне будзе не за кошт эмісійных грошай, а за кошт бюджэта. Калі гэтага ўсяго не будзе, то цалкам магчыма, што адкладуць выдзяленне чарговага транша”.

З тым, што грошай могуць не даць, згодны і кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка.

Леанід Заіка:
“Можна знайсці шмат прычын, па якіх можна лічыць нашую эканамічную палітыку небяспечнай і адмовіць у крэдыце. Масавай прыватызацыі не было, адмоўнае гандлёвае сальда. Ёсць вялікія праблемы з продажам: Беларусь згубіла 80% продажу аўтамабіляў на расійскім рынку, 40% продажу трактароў. Ёсць незабяспечанасць падтрымкі валютнай палітыкі, звязанай з напалову страчанымі знешнімі рынкамі”.

Тое, што магчымыя розныя варыянты развіцця падзей, прызнала і дарадца Прадстаўніцтва МВФ па Беларусі Юлія Лыскова. Не выключаны варыянт, што чацвёртага транша не будзе.

Юлія Лыскова:
“Гэта трэці агляд. І па выніках гэтага агляду будзе прынята рашэнне наконт таго, ці будуць выдзеленыя наступныя траншы, ці будзе прызнаны агляд завершаны. Усё можа здарыцца. Узровень выканання праграмы на канец верасня і верагоднасць таго, што яна будзе выканана да канца снежня, — менавіта гэта місія і разглядае. Але яна толькі пачалася”.

Таму, кажа яна, не мае сэнсу спрабаваць угадаць, да якога выніку прыйдуць эксперты місіі.
Між тым, Сяргей Чалы лічыць, што лепш бы беларускае кіраўніцтва ўсур’ёз узялося за ажыццяўленне распрацаванай для Беларусі праграмы эканамічнага развіцця. Хаця б таму, што лепшай няма.

Сяргей Чалы: “Гэта экстранае фінансаванне, але сэнс праграмы ў тым, каб гэтыя экстраныя праблемы не ператварыць у хранічныя. Гэта ў нашых жа інтарэсах выконваць гэтую праграму. На сённяшні дзень яна лепшая, чым любая эканамічная праграма, якую ў нас хоць хто-небудзь пісаў”.

А вось Леанід Заіка сцвярджае, што ён бы ўвогуле адмовіўся ад крэдыту МВФ.

Леанід Заіка: “Я аналізаваў пагадненне — яно жахлівае. Беларусь павінна штодня даваць справаздачу па паказчыках руху валютных рэсурсаў і грашовых патокаў. Раз на тыдзень — па паказчыках руху на агульных рахунках плацёжнага і гандлёвага баланса. І штомесяц павінны прадстаўляць пашыраныя дадзеныя ў Вашынгтон. Я не ведаю такіх пагадненняў больш ні з кім! Калі б я працаваў ва ўрадзе, я б ніколі не пайшоў на такія ганебныя ўмовы”.

Эксперты лічаць, што МВФ — камерцыйная арганізацыя, якую больш за ўсё хвалюе тое, ці зможа краіна вярнуць узяты крэдыт. Беларусь жа мае шмат дзяржаўных прадпрыемстваў, якія можна прадаць, і вярнуць пазыку.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі