Эканаміст: Нават з дапамогай дэвальвацыі цяжка стабілізаваць рынак

Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч абяцаў у “20-х чыслах жніўня” прыняць важнае рашэнне па валютным пытанні. Гэта значыць, што гэтая падзея можа адбыцца ў любы момант… Еўрарадыё паразмаўляла пра гэта з эканамістам Дзмітрыем Круком.

Еўрарадыё: Наколькі верагодна, што будзе прынятае рашэнне пра чарговую дэвальвацыю беларускага рубля?
110822 KrukS.mp3
Крук: Мне падаецца гэта даволі верагодным, бо на сённяшні дзень разрыў паміж афіцыйным курсам і курсам "чорнага" рынку дасягнуў даволі значных памераў. І ў гэтай сітуацыі ўлады павінны нейкім чынам рэагаваць. І хутчэй за ўсё, яны абяруць тую схему, якую яны ўжылі ў траўні — афіцыйная дэвальвацыя, але ж у крыху меншай ступені, чым рыначны курс рубля да долара.

Еўрарадыё: Ці дапаможа дэвальвацыя стабілізаваць рынак?

Крук: Калі яна пойдзе па такім сцэнарыі, аб якім я казаў раней, то, хутчэй за ўсё, не. Стабілізаваць рынак магло б рашэнне аб адмене ад усіх абмежаванняў на рынку, але ж у мяне ёсць пэўны сумнеў, што да такога рашэння ўлады гатовы на сённяшні дзень”.

Еўрарадыё: Што сёння можа зрабіць улада для папаўнення золата-валютных рэзерваў?

Крук: Хутчэй за ўсё, гэта ўсе ж прыватызацыя, бо ў цяперашнім стане эканомікі казаць аб тым, каб назапашваць рэзервы за кошт нейкіх іншых інструментаў, не выпадае. У бліжэйшай перспектыве прыватызацыя — гэта адзіны безальтэрнатыўны сродак папаўнення золата-валютных рэзерваў. І калі ўлада будзе рабіць стаўку на фіксаваны курс, ім будуць неабходны вялікія рэзервы, і ў гэтай сітуацыі прыватызацыя робіцца непазбежнай.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі