Вы тут

Эканаміст: "Крэдытныя канікулы" могуць ударыць па банкаўскай сістэме Беларусі

Беларускія рублі / progomel.by

З-за пандэміі каранавіруса прадпрыемствы вымушаныя звяртацца да банкаў з просьбамі рэструктураваць крэдыты. У перспектыве "крэдытныя канікулы", на якія згаджаюцца банкі, могуць негатыўна адбіцца на банкаўскай сістэме Беларусі, распавёў газеце “Беларусы і рынак” прафесар кафедры аналітычнай эканомікі і эканаметрыкі эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў.

"Калі банкі будуць вымушаныя даваць шматлікія крэдытныя канікулы, у іх пачнуцца праблемы з ліквіднасцю і ім давядзецца, як і ў іншых краінах свету, звяртацца за ліквіднасцю да Нацыянальнага банку, — кажа эксперт. — Не выключана, што ў такіх надзвычайных абставінах, калі да канца паўгоддзя паўстануць значныя праблемы з напаўненнем бюджэту і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, Міністэрству фінансаў давядзецца звярнуцца да Нацбанка за эмісійнымі грашыма. Напрыклад, Мінфін выпусціць спецыяльныя дзяржаўныя карпаратыўныя аблігацыі для пагашэння праблем, звязаных з каранавірусам, а Нацбанк іх купіць. 

Наступства звароту за грашыма да Нацбанка адно — цяжкасці з утрыманнем курсу. Гэтага ні ў якім разе дапусціць нельга, інакш рэзка ўзрасце рублёвы эквівалент дзяржаўнага знешняга доўгу і ўзнікнуць праблемы з пагашэннем валютных крэдытаў у фірм".

Міхаіл Кавалёў / www.belmarket.by

На думку Кавалёва, справіцца з сітуацыяй Нацбанк мог бы, зменшыўшы прыкладна да 20% долю расійскага рубля ў кошыку валют, да якой прывязаны беларускі рубель. “З-за высокага аб'ёму гандлю з Расіяй гэтая доля вялікая, але ў асноўным гандаль усё роўна ідзе ў доларах. І за газ, і за нафту мы плацім доларамі, таму значнасць расійскага рубля для Беларусі ў свой час была перабольшаная", — мяркуе ён.

Таксама Нацбанк мог бы аказаць большы ціск на банкі з мэтай зніжэння маржы, каб крэдыты сталі істотна таннейшымі. Драйверам росту ў крызісны час магло б стаць будаўніцтва жылля, а значыць, час задумацца пра льготную іпатэку.

Свежы нумар "Беларусаў і рынку" з падрабязным каментаром Міхаіла Кавалёва з'явіцца ў продажы ў суботу, 23 траўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.