Вы тут

Эканаміст Чалы патрабуе са сваіх крыўдзіцеляў 5000 рублёў

Сяргей Чалы на судзе. Фота: tut.by

У судзе Цэнтральнага раёна Мінску працягваецца працэс па справе эканаміста Сяргея Чалага. У збіцці Чалага і ягонага сябра Анатоля Сакалоўскага вінавацяць двух мужчын — Кірыла Доўнара і Аляксандра Рублёва

Як паведамлялася раней, інцыдэнт адбыўся ў траўні 2018 года ў адным з дворыкаў у цэнтры Мінска, на вуліцы Леніна. Нецвярозая кампанія Рублёва напала на нецвярозую кампанію Чалага. Эканамічта збілі так, што яму патрэбілася шпіталізацыя. Прычынай для бойкі Рублёў назваў некарэктныя выказванні на адрас сваёй жонкі з боку Чалага.
 
Пракурор просіць прызначыць Аляксандру Рублёву 3 гады калоніі агульнага рэжыму, а Кірылу Доўнару — 3 гады "хіміі" (папраўчай установы адкрытага тыпу), перадае tut.by.

Пацярпелыя просяць не караць крыўдзіцеляў "рэальным пазбаўленнем волі", а толькі выплаціць кампенсацыю. Сакалоўскі хоча атрымаць з абодвух абвінавачаных салідарна 500 рублёў маральнай кампенсацыі, Чалы — 5000 рублёў салідарна з абодвух абвінавачаных. Адвакат Чалага тлумачыць: "Ён абгрунтоўвае гэта тым, што паўтара месяца адчуваў боль і дыскамфорт. Па фатаграфіях і ў апісанні заключэння экспертызы відаць, што ў яго меліся шматлікія пашкоджанні ў вобласці твару. Паколькі яго дзейнасць звязаная з тэлебачаннем, ён не мог з'яўляцца на працы".

У сваім апошнім слове Рублёў папрасіў прабачэння ў Чалага. Доўнар сказаў, што просіць прабачэння толькі ў Сакалоўскага. Наконт пазову Чалага ён выказаўся іначай: "5000 беларускіх рублёў... Калі б я валодаў такой сумай, я б дапамог дзіцяці з анкалогіяй, а не аддаў бы гэтаму чалавеку".

Прысуд па справе абвесцяць у панядзелак, 13 жніўня.