The Economist: Украіна — вялікі галаўны боль. Краіна на краі банкруцтва

У Кіеве не сціхаюць пратэсты, а заходнія СМІ разважаюць, ці згубілі яны што-небудзь праз адмову Украіны падпісаць Дамову аб асацыяцыі з ЕС. “Што ўзяць з Украіны?” — такая думка ўзнікае пасля прачытання артыкула The Economist. На думку аўтараў часопіса, той, хто перацягне Украіну, атрымае сабе вялікі галаўны боль:

“Прыкрываючыся спінай спадарыні Цімашэнкі, Януковіч адклаў рашэнне, гандлюючыся і з Расіяй, і з ЕС. Яго дрэйф у бок Еўропы не быў заснаваны на раздзяленні еўрапейскіх каштоўнасцяў. Януковіч больш клапоціцца аб сваім утрыманні ва ўладзе і ўзбагачэнні, чым аб лёсе Украіны. Але краіна на краі банкруцтва”.

Прыкладна так жа пракаментаваў рашэнне ўкраінскіх уладаў узяць тайм-аўт і Reuters. Вось што напісала выданне ў артыкуле пад загалоўкам “ЕС прайграе на Украіне, але, магчыма, пазбягае кулі”:

“ЕС мае падставы ўздыхнуць з палёгкай. Пасля таго, як пачуццё адмовы або сарваных амбіцый праходзіць, рэальнасць указвае на тое, што, прыняцце Украіны з 46 мільёнамі чалавек, якая церпіць ад карупцыі і непрадказальнай палітыкі, магло б стаць дарагім цяжарам для ЕС, прынамсі, у кароткатэрміновай перспектыве”.

Магчыма, заходнія СМІ апраўдваюць паразу палітыкаў Брусэля? Агенцтва France Presse сцвярджае, што адмова Украіны падпісаць пагадненне падкрэслівае небяспечны стан эканомікі постсавецкіх краін. Бо яны па-ранейшаму знаходзяцца ў залежнасці ад “старога гаспадара Расіі”.

У тое, што аб’яднаная еўрапейская супольнасць выратавала б Украіну ад банкруцтва, не вераць і ўкраінскія палітолагі. Вось што, напрыклад, кажа прэзідэнт Цэнтра сістэмнага аналізу і прагназавання Расціслаў Ішчанка:

“Падпісанне Дамовы аб асацыяцыі азначала б, што Украіна зробіцца банкрутам ужо ў сакавіку-красавіку. А зараз у Украіны з’явіліся шансы, але ці выкарыстае яна іх, ці пачне збліжэнне з Мытным саюзам, гэтага сказаць цяпер нельга”.

Так сама, як ва Украіны застаецца шанец не стаць банкрутам, у Еўрасаюза застаецца шанец усё ж такі прыцягнуць яе пад свой уплыў. Як заяўляе прэс-сакратар еўракамісара па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Петэр Стана, пагадненне можа быць падпісана і пазней: у канцы 2013 ці вясной 2014 года.

Яшчэ адзін ўкраінскі палітолаг Вадзім Карасёў раіць еўрапейскім палітыкам паводзіць сябе больш рашуча. У прыватнасці — прапанаваць Украіне фінансавыя кампенсацыі ад страты ўсходняга рынку. Варта сказаць, што еўрапейскі бок прапанаваў кампенсацыю памерам у 1 мільярд еўра. Але ўкраінскі прэм’ер Мікалай Азараў назваў гэтую суму “дапамогай жабраку ля царквы”. А ўкраінскія эксперты хутка падлічылі: Украіне патрэбна як мінімум 150-165 мільярдаў еўра. Ці выдзяліць хтосьці такія грошы — невядома, але еўракамісар Штэфан Фюле ўжо назваў гэтыя лічбы спекулятыўнымі.

Фота: AFP Photo / Sergei Supinski

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі