Дзяржкантроль: ёсць доказы, што Бабарыка датычны да супрацьпраўнай дзейнасці

Дзяржкантроль: ёсць доказы, што Бабарыка датычны да супрацьпраўнай дзейнасці

У Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ёсць пераканаўчыя доказы, што экс-кіраўніка "Белгазпрамбанка" і прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Віктар Бабарыка мае дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці. Пра гэта заявіў старшыня КДК Іван Церцель.

ДФР пачаў дзве крымінальныя справы — за легалізаванне сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 235 КК) і ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 243 КК). 

Церцель пацвердзіў сённяшнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі, што праверачныя мерапрыемствы вяліся з 2016 года. І, маўляў, былі зробленыя запыты замежным партнёрам "Белгазпрамбанка". Адказы следчыя атрымалі толькі ў снежні 2019 года. "Інфармацыя, якая змяшчаецца ў іх, дазволіла Дэпартаменту фінансавых расследаванняў актывізаваць правядзенне праверачных і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. У выніку мы атрымалі пераканаўчыя доказы таго, што вышэйзгаданыя асобы маюць дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці маштабнага характару. Фактычна на базе банка імі была створана арганізаваная злачынная група, якая ажыццяўляла вывад грашовых сродкаў на тэрыторыі замежных дзяржаў", — цытуе БЕЛТА словы Церцеля.

Пра датычнасць Бабарыкі да супрацьпраўнай дзейнасці старшыня КДК выказаўся так: "Не магу сабе ўявіць, што тое, што рабілася ў банку намеснікамі, магло быць невядома кіраўніку. Магу пацвердзіць, што ў цяперашні час у нас ёсць пераканаўчыя доказы яго дачынення да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці".

Раней у ДФР казалі, што Віктар Бабарыка не мае ніякага статусу ў расследаванні па "Белгазпрамбанку". 

Па справе затрыманыя 15 чалавек. Гэта топ-менеджары, у тым ліку намеснікі кіраўніка банка, а таксама кіраўнікі рознага ўзроўню і прадстаўнікі камерцыйных структур (пераважна былыя супрацоўнікі "Белгазпрамбанка").

Церцель падкрэсліў, што большасць затрыманых супрацоўнічаюць са следствам і даюць прызнальныя сведчанні. "Акрамя таго, яны выдаюць сродкі, якія, на іх думку, былі атрыманыя злачынным шляхам. Напрыклад, учора намі падчас следчых мерапрыемстваў канфіскавана больш за $4 млн, выяўленыя і канфіскаваныя каштоўныя паперы на суму звыш $500 тысяч, выяўленыя і далучаныя да матэрыялаў так званыя дзігіпасы (інструмент, які дазваляе кіраваць рахункамі ў замежных банках)", — пералічыў старшыня КДК.

У ведамстве таксама заявілі, што фінансавыя паказчыкі "Белгазпрамбанка" саступаюць не толькі сувымернаму па актывах "Прыёрбанку", але і іншым расійскім банкам у Беларусі. З гэтага ў КДК зрабілі выснову, што гаворка ідзе пра вывад грошай за мяжу. Асобна адзначана, што банк "функцыянуе на прэміяльным сегменце і не задзейнічаны ў рэалізацыі важных дзяржаўных праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі".

Сам Віктар Бабарыка яшчэ напярэдадні ацаніў крымінальную справу супраць "Белгазпрамбанка" як спроюу палітычнага ўціску на сябе падчас выбарчай кампаніі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі