Вы тут

Дзярждэп ЗША агучыў суму дапамогі Беларусі для барацьбы з каранавірусам

Дональд Трамп у ахоўных акулярах / Reuters

Дзяржаўны дэпартамент ЗША агучыў суму дапамогі Беларусі для барацьбы з каранавірусам. Яна складае 1 мільён 700 тысяч долараў. Гэтыя сродкі мусяць пайсці на сістэму аховы здароўя. Больш за месяц таму заяўлялася, што Злучаныя Штаты выдзелілі фінансавую дапамогу нашай краіне для барацьбы з COVID-19 у памеры 1,3 млн долараў. Як бачым, яна павялічылася на $400 тысяч. Дарэчы, агулам за апошнія 20 гадоў ЗША выдзелілі Беларусі дапамогу ў памеры 301 млн долараў. З іх — 1,5 млн на сістэму аховы здароўя.

Дзярждэп ЗША паведамляе, што Украіна атрымала на барацьбу з каранавірусам 15,5 млн долараў, значна больш, чым Беларусь і іншыя постсавецкія краіны. Вядома, што Узбекістан атрымаў 3,9 млн долараў, Азербайджан — $3,6 млн, Грузія — $2,7 млн, Арменія — $2,3 млн. Менш за нашу краіну атрымалі Туркменістан — 920 тысяч долараў, Кыргызстан — $900 тысяч, Таджыкістан — $866 тысяч. З пачатку пандэміі ЗША дапамаглі 120 краінам свету — было выдаткавана 900 млн долараў.

state.gov

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.