Дзярждэп, яўрэі, хітры Сі Цзіньпін: самая дзікая канспіралогія аб каранавірусе

Кітайская "шматхадовачка"?
Кітайская "шматхадовачка"?

СААЗ яшчэ і не думала аб'яўляць пандэмію каранавіруса — а аматары канспіралогіі ўжо пачалі распрацоўваць вакол яго самыя бязглуздыя тэорыі. Спойлер: усё, што напісана ніжэй, не мае ніякага дачынення да рэчаіснасці! Прыміце да ведама — і трымайцеся ад гэтых чутак падалей!

Крэмль vs Дзярждэп

Госдеп, евреи, хитрый Си Цзиньпин: самая дикая конспирология о коронавирусе
Скрыншот з гульні “Command & Conquer generals”

Афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Чжао Ліцзянь выступіў з гнеўнай здагадкай, што вірус у кітайскі горад Ухань завезлі... амерыканскія ваенныя! Чыноўнік лічыць, што ў ЗША заражаныя каранавіруснай інфекцыяй з'явіліся раней, чым у Кітаі. Праўда, як менавіта амерыканцы маглі даставіць вірус у кітайскі мегаполіс і чаму менавіта ў Ухань, Чжао Ліцзянь не расказаў.

Дарэчы, падобнае меркаванне выказала у сваім Тэлеграм-канале дэпутат расійскай Дзярждумы Наталля Паклонская: "Магчыма, гэта такая зброя супраць Паднябеснай, каб усе разарвалі з Пекінам гандлёвыя адносіны".

Штаты не маўчаць і, у сваю чаргу, абвінавачваюць Расію ў распаўсюдзе дэзінфармацыі і канспіралагічных тэорый аб каранавірусе. Маўляў, у сацсетках існуюць тысячы акаўнтаў, якія распаўсюджваюць чуткі пра тое, што COVID-19 — біялагічная зброя ЗША, распрацаваная ў ЦРУ.

 

Сі Цзіньпін усіх перайграў

Ужо пару тыдняў то тут, то там усплывае відэа пра тое, што пандэмія каранавіруса арганізавана Кітаем для таго, каб абваліць фондавыя рынкі і за бясцэнак выкупіць у заходніх фінансавых верхаводаў долі ў сваіх прадпрыемствах.

"Выкарыстоўваючы распачатую эпідэмію каранавіруса, Паднябесная зарабіла 20 мільярдаў долараў і вярнула 30% акцый уласных манаполій", — сцвярджаюць аўтары відэа.

Падчас глабальных узрушэнняў фондавыя рынкі "трасе", як і ўсё наваколле. На гэтых чаканнях і пабудаваны эфект ад падобных укідаў. Але факт у тым, што падаюць у цане акцыі не толькі кітайскіх кампаній. Дасведчаныя фундатары добра думаюць перад тым, як расстацца са сваімі актывамі. А акцыі кітайскіх кампаній страцілі толькі ад 3 да 10% кошту.

 

Яўрэі і раварысты

У Палестынскай аўтаноміі вінаватымі ў пандэміі кітайскага каранавіруса прадказальна абвясцілі яўрэяў. Алекс Фрыдфельд з Антыдыфамацыйнай лігі расказвае "The Times of Israel", што ў студзені ў асяроддзі экстрэмістаў стала распаўсюджвацца ідэя аб тым, што каранавірус быў створаны яўрэямі, гатовымі пажывіцца на чужым горы. "Тэорыя змовы заключаецца ў тым, што яўрэі выкарыстоўваюць гэты вірус у якасці сродку для атрымання прыбытку. Яны кажуць, што яўрэі зрабілі яго і збіраюцца скарыстацца абвалам рынкаў праз інсайдарскі гандаль".

Зрэшты, яўрэям да абвінавачванняў ва ўсіх смяротных грахах не прывыкаць. А ў тэорыі ёсць відавочная загана: яна не тлумачыць, чаму каранавірус COVID-19 не абыходзіць яўрэяў бокам.

 

Вераломны Біл Гейтс

Госдеп, евреи, хитрый Си Цзиньпин: самая дикая конспирология о коронавирусе
Біл Гейтс / Reuters

Аматары тэорый змовы не абмінулі ўвагай і заснавальніка "Майкрасофт" Біла Гейтса. Справа ў тым, што брытанскі Інстытут Пірбрайт, праца якога падтрымліваецца Фондам Біла і Мелінды Гейтс, у 2018 годзе атрымаў патэнт на... каранавірус! У студзені даследчы цэнтр быў вымушаны выступіць з тлумачэннем: гаворка ідзе не пра чалавечы, а пра жывёльны каранавірус, які патрэбны для распрацоўкі вакцыны.

 

Бяжыце за вадкім срэбрам

Навука больш не працуе — гэта яшчэ адна папулярная тэорыя, звязаная з успышкай каранавіруса. Прыхільнікі нетрадыцыйнай медыцыны настойліва прапануюць свае спосабы пазбаўлення ад заразы. Тут як тут часнык і гарэлка. Толькі праз месяц пасля ўспышкі СААЗ афіцыйна заявіла, што 40-градусны раствор C2H5OH вірус не забівае!

У кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава свой рэцэпт: "Змешваеце ў вадзе цытрыну з мёдам, піце і сядзіце. Тады не дагоніць вас. Ешце часнык, кроў чыстая будзе".

Але ёсць і больш экзатычныя сродкі: магічныя мінералы хлору і выкарыстанне вадкага срэбра. Пакуль сусветная супольнасць ламае галаву над стварэннем вакцыны, у Туркменістане ўсё ўжо даўным-даўно прыдумалі: абкурвайце памяшканні школ, дзіцячых садоў і бальніц вярблюджай калючкай — і вірус не пройдзе.

А калі ў калючку не верыце — вось крайняя мера. Гэта янот Какос, абаронца ад каранавіруса, пакліканы выратаваць чалавецтва ад пандэміі і "пазбавіць арганізм ад расстройстваў". Прынамсі, так сцвярджае яго ўладальнік:

Госдеп, евреи, хитрый Си Цзиньпин: самая дикая конспирология о коронавирусе
Надзея чалавецтва янот Какос

Змова супраць пенсіянераў

Пажылыя людзі ад наступстваў каранавіруса паміраюць часцей, чым моладзь. Гэта спарадзіла яшчэ адну канспіралагічныя тэорыю. Маўляў, каранавірус прыдумалі, каб знішчыць старых і знізіць нагрузку на пенсійную сістэму.

Алею ў агонь выпадкова падліў міністр аховы здароўя Украіны Ілля Емец. Выступаючы у Вярхоўнай Радзе Украіны ён сказаў, што ад каранавіруса "усе пенсіянеры памруць". Міністр меў на ўвазе якраз высокую смяротнасць ад наступстваў інфекцыі сярод пажылых людзей. Толькі вось выказаўся вельмі няўдала.

Яшчэ тэорыі

Паводле версіі прыхільнікаў таемных змоў, асноўнымі прычынамі распаўсюджвання каранавіруса з'яўляюцца:

Неасцярожнасць: некалькі кажаноў выпадкова трапілі з закрытай лабараторыі ў Ухані проста на мясцовы рынак.

Безадходная вытворчасць: супрацоўнікі лабараторыі прадавалі паддоследных кажаноў на чорным рынку. Жывёл не знішчалі, а выкарыстоўвалі ў кулінарных мэтах.

Непадуладная сітуацыя: работнікі лабараторыі не змаглі кантраляваць вірус, і ён вырваўся з яе сцен.

Тайная спецаперацыя: праціўнікі Кітая наўмысна зладзілі заражэнне, каб падарваць эканоміку КНР, а таксама развязаць сусветны крызіс.

Змова фармацэўтаў: дзе пандэмія — там і велізарныя прыбыткі ад рэалізацыі лекаў!

Тэорыя залатога мільярда: каранавірус з'яўляецца не чым іншым, як прыладай кантролю колькасці насельніцтва.

Людзі ў любой сітуацыі схільныя шукаць "бенефіцыяраў" — тых, каму выгадна тое ці іншае становішча рэчаў. Таму канспіралагічныя тэорыі будуць працягваць нараджацца. Беражыце мазгі і крытычна стаўцеся да таго, што чытаеце!

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі