Вы тут

Дзвюх жанчын, пацярпелых у аварыі пад Лёзнам, даставяць рэанімабілем у Расію

Дзвюх расіянак адправяць з Віцебска дадому ў рэанімабілі / t.me/minzdravbelarus

4 студзеня расійскіх турыстаў, пацярпелых у аварыі пад Лёзнам, наведала першая намесніца міністра аховы здароўя Беларусі Алена Краткова, паведамляе прэс-служба Мінздароўя. 

Па яе словах, увечары 4 студзеня ў віцебскай лякарні застаюцца трое пацярпелых у ДТЗ. "Стан двух з іх ацэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасці. Самаадчуванне бліжэй да здавальняючага", — паведаміла чыноўніца. 

Дактары ў Віцебску праводзяць анлайн-кансультацыі з расійскімі калегамі з цэнтра нейрахірургіі імя акадэміка М. Бурдэнкі і федэральнага цэнтра медыцыны катастроф. 

Дзвюх пацярпелых расіянак вырашана адправіць у Расію на рэанімабілі, які будзе дастаўлены з суседняй краіны. Стан жанчын ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці. "Хутчэй за ўсё іх даставяць у Смаленск, а адтуль — па месцах жыхарства. Нейкіх аператыўных умяшанняў, дадатковых інструментальных абследаванняў не патрабуецца", — канстатавала анмесніца міністра.

Астатніх турыстаў адправяць у Мінск, як толькі завершацца следчыя дзеянні. Туркампанія прапануе ім выбар — працягнуць экскурсію або паехаць дадому.

Аварыя з тураўтобусам адбылася ўдзень 3 студзеня. У аўтобус з расійскімі турыстамі, які ехаў з Оршы ў Віцебск, урэзаўся легкавік "Рэно", які выехаў на сустрэчную паласу. Аўтобус зваліўся ў кювет, кіроўца аўтамабіля загінуў на месцы. 

У лякарні былі дастаўленыя 42 чалавекі з рознымі траўмамі — пераважна пераломамі костак носа, парэзамі, ударамі, ранкамі. Дзве траўмы цяжкія: пералом 12-га груднога пазванка і пералом 2-га паяснічнага пазванка. Яшчэ ў адной пацыенткі дыягнаставаны пералом правай ключыцы без зрушэння. У кіроўцы аўтобуса — беларуса — дыягнаставалі пералом тараннай косткі правага ступака. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.