Вы тут

Дзіўныя дзяржаўныя закупкі: лазерны цір і электракар для гольфа

Кадр з фільма Паліцэйская акадэмія

Дэпартамент аховы Міністэрства ўнутраных спраў вырашыў павялічыць свой аўтапарк на адзін электрамабіль. Што праўда, гэта будзе зусім не славутая Tesla.

Мяркуючы па тэхнічных характарыстыках лота, ведамства плануе закупіць… гольф-кар на чатыры месцы. МУС гатовае заплаціць за яго 35 тысяч рублёў

Прадстаўнікі мінскай кампаніі "Аксіёма-груп" пацвердзілі Еўрарадыё, што плануюць удзельнічаць у конкурсе на гэтую закупку.

"Асноўная спецыфіка выкарыстання такіх аўтамабіляў у нашай краіне — тэрыторыі, дзе недапушчальнае ўжыванне звычайных аўтамабіляў, — распавядаюць у “Аксіёма-груп”. — Гэта санаторыі, турыстычныя комплексы, аэрапорты, лагістычныя цэнтры, спартыўныя аб'екты".

Ёсць у бізнесоўцаў і версія наконт таго, для чаго электрамабіль спатрэбіўся Дэпартаменту аховы МУС:

"Спачатку была здагадка, што яны будуць выкарыстоўваць яго для патрулявання паркаў. Аднак выявілася, што выкарыстоўваць электрамабілі плануецца на спартыўных аб'ектах. Мабыць, рыхтуюцца да правядзення Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе, плануюць задзейнічаць іх у ахове стадыёнаў. Пакуль тэндар толькі на адзін аўтамабіль — верагодна, для навучання супрацоўнікаў. У выпадку паспяховага тэставага выпрабавання, магчыма, будуць закупляць іх ужо масава".

Пастаўку гольф-кара чакаюць на складзе Дэпартамента аховы ў вёсцы Гарані Мінскага раёна, каля трасы Мінск — Гродна. Тут на плошчы ў 77 гектараў размяшчаецца "Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь". Не выключана, электракар патрэбны банальна для таго, каб перасоўвацца па гэтай немаленькай тэрыторыі.

Але гольф-кар — гэта не адзіная дзіўная закупка, якую ў нас атрымалася знайсці. Беларуская АЭС нядаўна правяла тэндар на… лазерны стралковы трэнажор. Гэта ўжо нейкія “Зорныя войны” ў індустрыяльных ландшафтах!

Прылада каштавала 15 тысяч рублёў. Як патлумачыў Еўрарадыё прадстаўнік беларускай АЭС, закупка праводзілася для падраздзяленняў аховы станцыі.

"Кошт залежыць ад колькасці лазернай зброі, наяўнасці ноўтбука, праектара і спецыяльных праграм. Адна адзінка лазернай зброі каштуе каля тысячы рублёў. Цана на камплекты — ад 7 да 12 тысяч рублёў".

На ахове Беларускай АЭС, натуральна, эканоміць не трэба. Хто ведае, магчыма, заняткі на лазерным стралковым трэнажоры калі-небудзь дапамогуць уратаваць станцыю ад нападу тэрарыстаў?

Што праўда, не зусім зразумела, чаму дырэкцыя АЭС сама мусіць трэніраваць ахоўнікаў. Станцыя будзе знаходзіцца пад аховай вайскоўцаў. 11 кастрычніка стала вядома, што пад Астравец у Гродзенскую вобласць, дзе будуецца АЭС, перадыслакуецца 1146 гвардзейскі зенітна-ракетны полк. Да 1 траўня падраздзяленне, якое раней знаходзілася ў Баранавічах, мусіць ужо размясціцца на новым месцы нясення службы.