Вы тут

Джаз ля Ратушы: З каверамі на "Дэпешаў" і Scorpions, але пры аншлагу

Фота Еўрарадыё

10 чэрвеня ля мінскай ратушы стартуюць традыцыйныя Джазавыя вечары. Напярэдадні фестываль змяняе арганізатараў, і ў музычных колах пачынаецца паніка, маўляў, на месца элітарнай тонкай музыцы, якой заўсёды славіліся вечары, прыйдзе "нешта смачнае для слухача"

Але публіка, некалькі тысячаў чалавек, нейкай падмены не заўважае. Гледачы, якія не першы год прыходзяць слухаць джаз на плошчу Свабоды, гэтак жа захоплена сустракаюць Харысана Янга з джазавымі апрацоўкамі рок-хітоў , як і летась чароўнага эстэта Сачала Васандані. І скорпінаўскі "Wind of Change", ад якога, падаецца, павінна ванітаваць, ім чамусьці "заходзіць" на ура. Сапраўднай зоркай адкрыцця становіцца маленькая Сафія Курловіч, авацыямі сустракаюцца як невядомы для гэтай публікі дуэт "Агата", так і хэдлайнер канцэрта — чаканы многімі знакаміты амерыканскі джазавы гітарыст Скот Хендэрсан.

Усё вельмі проста: мінчукі любяць тусавацца на джазе ля ратушы. Традыцыя слухаць летам аўтарскую музыку ці джазавыя стандарты ў сталіцы ўсталявалася. Публіка паверыла ў тое, што Мінск — частка Еўропы, дзе ў кожным горадзе ёсць свой "джаз на старувцы". Таму цяпер арганізатарам можна сапраўды не асабліва замарочвацца, рыхтаваць праграму за паўтара месяцы, бо на джазе ля ратушы ўсё адно будзе аншлаг: калі не прыйдуць меламаны, прыйдуць новыя гледачы, якім таксама захочацца паляжаць на траўцы на плошчы Свабоды, папіць гарбаты з тэрмасу і разняволіцца. Бо пакуль гэта магчыма здзейсніць беспакарана толькі на джазе.

Новыя арганізатары кажуць, што ўпор цяпер робіцца ў тым ліку і на беларускую музыку. Маўляў, навошта нам нейкі замежны саксафаніст, калі ў нас і сваіх крутых хапае. Публіка на гэта пагаджаецца. Напрыклад, цёпла прымае этна-авангардны дуэт "Агата", хаця да джазу ён мае, хутчэй, умоўнае дачыненне.
Многія гледачы рэальна прыйшлі паслухаць узыходзячую джазавую зорку з Салігорку Сафію Курловіч.
За некалькі гадзін да джазу ля ратушы грымела свята Расіі. Многія з удзельнікаў засталіся слухаць джаз
Упрыгожвалі мерапрыемства аўтазакі. Праўда, сёлета праз "кардон" даводзілася праходзіць не ўсім, а толькі ўладальнікам заплечнікаў.
Амерыканец, які жыве ў Галандыі, спявае рок-хіты ў джазавай апрацоўцы ў суправаджэнні VIP-jazz Андрэя Славінскага. Харысан Янг сказаў, што дагэтуль нічога не ведаў пра Беларусь і пра яе музыкаў. Але тыя, якія сёння з ім граюць, вялікія прафесіяналы.
Беларусы пакуль не завялі моду насіць з сабой на джаз раскладныя крэселкі, таму сядзяць на прыступках канцэртнай залы Верхняга горада. Праўда, у нейкі момант АМАП просіць іх сысці з прыступак. Каму яны перашкаджаюць?
Вядучыя сёлетніх вечароў Ягор Хрустаўлёў і Дзяніс Дудзінскі
Хэдлайнер вечара джазавы гітарыст Скот Хендэрсан
Джазавыя вечары працягнуцца ў наступныя дзве суботы.