Дзевяць спісаў — адна стратэгія? Што ў праграмах удзельнікаў выбараў у КР
Каардынацыйная рада / belsat.eu
Напярэдадні выбараў у Каардынацыйную раду кандыдаты падзяліліся сваімі праграмамі, у якіх выклалі бачанне будучыні Беларусі і прыярытэты працы. Каб зразумець, на чым яны сфакусіраваліся, Еўрарадыё ўважліва вывучыла гэтыя дакументы. Нягледзячы на розніцу ў падыходах, праграмы ўдзельнікаў аб’ядноўваюць агульныя мэты, сярод якіх — вяртанне беларусам іх правоў, годнасці і магчымасці бяспечна жыць у свабоднай і незалежнай краіне.
Цяпер — па пунктах.
1. Вызваленне палітзняволеных і аднаўленне справядлівасці
Усе праграмы ставяць сваёй прыярытэтнай задачай вызваленне людзей, якія сталі ахвярамі рэпрэсій, і іх наступную рэабілітацыю.
Прыклады: “Аб’яднаная грамадзянская платформа” (АГП) наўпрост заяўляе пра неабходнасць вызвалення палітзняволеных і рэабілітацыі пацярпелых.
Разбурэнне сістэмы “закладніцтва”, якая грунтуецца на выкарыстанні палітзняволеных як інструмента кантролю — такую задачу ставіць перад сабой Блок беларускіх палітзняволеных “Беларусы дзеяння”.
У праграме спіса “Наступ” вызваленне палітзняволеных названа “цэнтральным прыярытэтам”.
2. Абарона незалежнасці і суверэнітэту Беларусі
Удзельнікі будучых выбараў аднагалосна лічаць, што Беларусь павінна быць свабоднай ад знешняга кантролю, перш за ўсё з боку Расіі, і захоўваць сваю дзяржаўнасць.
Прыклады: Рух “Воля” патрабуе вываду расійскіх войскаў і ядзернай зброі з тэрыторыі краіны.
ГР “Закон і правапарадак” ставіць мэтай аднаўленне суверэнітэту і супрацьдзеянне “гібрыднай анексіі з боку РФ”.
Фракцыя “Хопіць баяцца!” падкрэслівае, што, пакуль улада ўтрымліваецца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, краіна застаецца ў арбіце ўплыву Расіі.
3. Падтрымка Украіны і рэгіянальная бяспека
Агульным у праграмах удзельнікаў можна назваць і разуменне таго, што свабода Беларусі непарыўна звязана з перамогай Украіны ў вайне супраць расійскай агрэсіі.