Дзень волі–2019 пройдзе на стадыёне “Дынама”?

Блогер Эдуард Пальчыс паведаміў у Twitter, што заяўка на правядзенне Дня Волі і святкаванне 101-х угодак БНР на стадыёне “Дынама” пададзеная ў Мінгарвыканкам. Плануецца, што перад святочным мітынгам і канцэртам адбудзецца шэсце па вуліцы Кастрычніцкая, якая знаходзіцца побач са стадыёнам.

Заяўка ў Мінгарвыканкам была пададзеная ад імя грамадскага аб’яднання БНФ-Адраджэнне і асветніцкай установы “Амарока” (такую юрыдычную назву мае “АртСядзіба”. — Еўрарадыё). Дапамагаць арганізоўваць свята будуць Эдуард ПальчысАнтон МатолькаПавел БелавусАлесь Снег і Рыгор Кастусёў.

Як распавёў кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, заяўка была паспяхова прынятая, згодна з усімі неабходнымі юрыдычнымі правіламі. Што тычыцца фармату правядзення свята, то ён зменіцца:

“Гэтым разам усё пачнецца з шэсця, — кажа палітык. — Збор удзельнікаў прызначаны на 12:00 на вуліцы Кастрычніцкай, адкуль у 13:00 пачнецца шэсце да стадыёна “Дынама”, дзе ўжо ў 14:00 адбудзецца святочны мітынг і канцэрт, які плануецца скончыць да 22:00”.

Арганізатары абяцаюць, што ў гэтым годзе будуць новыя “фішкі”, якія абавязкова спадабаюцца ўсім удзельнікам свята, аднак пра сакрэты пакуль не распавядаюць. Кажуць, што ўсе ўсё ўбачаць на ўласныя вочы. Сцэна, хутчэй за ўсё, будзе стаяць непасрэдна на полі, а гледачы будуць назіраць за шоу з трыбун.

“Датычна месца, дзе мы вырашылі правесці канцэрт, можна сказаць, што падлічвалі мы ўсё досыць даўно, — сцвярджае Кастусёў. — Футбольны сезон пачынаецца толькі ў красавіку, а Еўрапейскія гульні — летам. Таму стадыён не павінен быць чымсьці загружаны. Мы спадзяемся і цалкам разлічваем, што ўлады задаволяць нашу заяўку. Калі не — ёсць варыянты іншых пляцовак, але гэта будзе зусім не тое”.

Першыя падрабязнасці пра мерапрыемства будуць апублікаваныя пазней. Інфармацыя пра тое, як стаць валанцёрам з’явіцца ў сацыяльных сетках цягам найбліжэйшага часу. А падтрымаць праект можна, ахвяраваўшы грошы па гэтай спасылцы. На дадзены момант сабрана ўжо 10% ад неабходных сродкаў.

Менавіта на стадыёне “Дынама” 30 гадоў таму, 19 лютага 1989 года, адбыўся першы ў Беларусі дазволены мітынг пад бела-чырвона-белымі сцягамі.