Дзе паглядзець Чэмпіянат свету па футболе ў цэнтры Мінска

Чэмпіянат свету па футболе сёлета праходзіць у Бразіліі, а таму з-за розніцы ў часе некаторыя матчы для беларусаў пачынаюцца толькі ў 23:00 або нават у гадзіну ночы. Еўрарадыё паразмаўляла з барамі ў цэнтры Мінска, якія спецыялізуюцца на спартовых трансляцыях. Як высветлілася, шмат з іх не гатовыя прымаць людзей у начны час.

“Мы паказваем толькі тыя матчы, якія трапляюць у графік працы нашага рэстарана, — адразу адсякаюць у гастра-пабе “Гамбрынус” (пл. Свабоды, 2). — Нядзеля-серада мы транслюем тое, што ідзе да 24:00, а ў чацвер, пятніцу, суботу — да 2:00”.

Такая ж сітуацыя з трансляцыямі матчаў у піўным рэстаране Gaststätte (Рэвалюцыйная, 16). Дарэчы і напоі з ежай у абодвух установах каштуюць аднолькава: піва вам абыдзецца ў 30-70 тысяч рублёў, а розныя закускі да яго — у 100 тысяч і больш.

“У нас вісіць расклад і мы транслюем усе матчы, — з гонарам кажуць у бар-пабе “Пивной прибой” (Маскоўская, 20). — Працуем мы да 2:00, але калі матч затрымліваюць, то, натуральна, застаёмся да яго заканчэння. Што датычыцца піва, то ў сярэднім яно каштуе 25 тысяч, а закускі недзе ад 50 тысяч”.

Усе матчы паказваюць і ў бары Tarantino (Кастрычніцкая, 5), ён увогуле стала працуе да 6:00, таму познія трансляцыі — не перашкода. Але ў дні, калі запланаваныя канцэрты (пятніца-субота 22:00-3:00), перавага аддаецца жывому гуку і сцэне. Сярэдні чэк на чалавека, па падліку адміністратара, каля 250-300 тысяч.

“Штодзённа транслюем, па тэлевізары ідзе толькі футбол, — кажуць у пабе “Вобла” (Янкі Купалы, 25). — Мы працуем да 6 раніцы, у нас шмат "плазмаў" ды праектар. Замежнае піва каштуе 50 тысяч, беларускае — 30, а сярэдні чэк без алкаголю каля 200 тысяч”.

Летняя тэраса паб-клуба “Графіці(зав. Калініна, 16) таксама прапануе пабалець за любімыя каманды. Піва тут наліваюць за 30-40 тысяч, кормяць за 60-70. Што праўда, паказваюць не ўсе матчы, бо начныя не трапляюць у графік працы клуба.

Футбольных заўзятараў гатовыя прыняць таксама Shaka bar (Скрыганава, 6А), Clever (Гікала, 5), "Сплетни" (Янкі Купалы, 17), Bristle (Альшэўскага, 10), Boston (Веры Харужай, 13), ды іншыя. Але ў кожнага з іх свае правілы і графікі, таму лепш загадзя ўдакладняйце ў адміністратараў.

Дарэчы, грошы за ўваход не бяруць нідзе, галоўнае, замовіць хоць нешта, а трансляцыя адбываецца з гукам і ў большасці выпадкаў праз “НТВ+”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі